Кухары дзіцячага летніка за два дні "зэканомілі" прадуктаў на 4 мільёны
Прычым "эканомілі" яны, калі на тэрыторыі летніка прысутнічалі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю.
Здарэнне адбылося ў аздараўленчым летніку Гомельскага раёна "Чонкаўскі бор". Работнікі Дзяржкантролю выявілі, што кухары за два дні здолелі "зэканоміць" прадуктаў на суму 4 мільёны рублёў.
У першы дзень праверкі пасля сняданку і абеду "незапатрабаванымі" апынуліся 20 пакетаў малака, 14 пачкаў паніровачных сухароў, кілаграм зефіру, 2 пачкі аўсяных шматкоў, 4 слоікі павідла і банка кансерваваных гуркоў. На другі дзень ужо ўвечары прадстаўнікі Камітэта выявілі "лішак" у сем разоў большы: 20 кг мяса свініны, 10 кг памідораў, 3 кг гуркоў, 35 пачкаў масла, 30 пакетаў малака, 4 кг рыбы, грэчку ды іншыя тавары. Такім чынам, у аздараўленчым летніку ежа для дзяцей не адпавядала па вазе і нормах закладкі прадуктаў.
Вінаватых асобаў, як пішуць "Гомельские ведомости", могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці і вызваліць ад займаных пасадаў.
Фота — skazvikt.ucoz.ru