Купанне ў Беларусі абмежаванае на вадаёмах 23 зонаў адпачынку

Купанне ў Беларусі абмежаванае на вадаёмах 23 зонаў адпачынку

У Беларусі санслужбы абмежавалі купанне на вадаёмах 23 зонаў адпачынку. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У 15 зонах адпачынку абмежаванае купанне дзяцей і дарослых. У Брэсцкай вобласці гэта сажалка Боханава ў Лунінцы, у Гомельскай — пляж на возеры Камарына і пляж на Дняпры ў Рагачове, а таксама левабярэжжа Прыпяці ад аўтамабільнага моста да рэчышча Мерлявіцы ў Мазыры. У Гродзенскім раёне абмежаванне закранае сажалку ля вёскі Сухаўляны, у Слоніме — сажалку па праспекце Незалежнасці. У Салігорску нельга купацца на пляжы на вадасховішчы Салігорскае, у вёсцы Рудня Слуцкага раёна — на вадасховішчы Руднянскае. У Мінску пад абмежавальныя меры трапілі пляж №2 на Цнянскім вадасховішчы, пляжа №2 на вадасховішчы Дразды, а ў Магілёўскай вобласці — Грабянёўскае возера, гарадскі пляж на Дняпры ў Магілёве, возера Селішча ў Кіраўску, пляж на Вільчыцкім вадасховішчы і пляж на Дняпры каля вёскі Палыкавічы Магілёўскага раёна.

У васьмі занах адпачынку абмежаванне датычыць толькі дзяцей. Гаворка ідзе, напрыклад, пра возера Мяднянскае Брэсцкага раёна, пляжы "Каскад 1" і "Каскад 2" у Гомелі. У Гродне купанне дзяцей абмежаванае на ўсіх трох пляжах на Нёмане — у лесапаркавых зонах урочышча "Ласосна" і ўрочышча "Пышкі", а таксама на пляжы "Цэнтральны". У Мінскай вобласці абмежаване закранае пляж на рацэ Случ Слуцкага раёна, на Магілёўшычне — пляж санаторыя "Шыннік" у Бабруйску.

За мінулы тыдзень санслужбы абследавалі 1014 зон адпачынку. На 211 з іх былі выяўленыя парушэнні санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў. Гаворка ідзе пра абсталяванне і ўтрыманне грамадскіх прыбіральняў, стаянак аўтатранспарту, кабінак для пераапранання (распранальняў), кантэйнерных пляцовак і кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адкідаў ды інш. На вінаватых службовых асобаў склалі 19 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Спецыялісты правялі лабараторныя даследаванні 1735 пробаў вады. 67 з іх не адпавядалі гігіенічным нарматывам: 42 — па мікрабіялагічных паказчыках, 25 — па санітарна-хімічных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі