Латвійскія памежнікі спынілі на мяжы 71 мігранта за апошнія суткі
Мігранты не пакідаюць спробаў пранікнуць на тэрыторыю ЕЗ / Delfi.lt
Мігранты не пакідаюць спробы пераходу на тэрыторыю ЕЗ з Беларусі. Латвійскія пагранічнікі за мінулыя суткі спынілі 71 спробу незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі з нашай тэрыторыі. Пра гэта паведамляе Delfi.lv са спасылкай на дадзеныя Дзяржаўнай службы памежнай аховы Латвіі.
За незаконнае перасячэнне латвійска-беларускай мяжы за мінулыя суткі быў затрыманы адзін чалавек. Ведамства адзначае, што памежнікі не перашкаджалі гэтаму па гуманітарных прычынах, паколькі ў жанчыны былі відавочныя прыкметы інваліднасці. Такім чынам, яна стала адзіным чалавекам, затрыманым за незаконнае перасячэнне мяжы з Беларуссю з моманту ўвядзення рэжыму надзвычайнай сітуацыі, які ўступіў у моц 11 жніўня.
Як паведамляе латвійская дзяржаўная памежная ахова, 10 жніўня былі спыненыя спробы 245 чалавек незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу. Усяго ў 2021 годзе перасекчы беларуска-латвійскую мяжу паспрабавалі 353 чалавекі. Большасць парушэнняў мяжы ведамства зафіксавала ў жніўні.
Нагадаем, што з 11 жніўня Латвія ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю паліцэйскім спецназам. На ўмацаванне аховы мяжы накіравалі і 36 супрацоўнікаў паліцыі Латгальскага раёна.
На відэа, апублікаваным памежным ведамствам 13 жніўня відаць, што нелегальных мігрантаў у суправаджэнні беларускіх вайскоўцаў перамяшчаюць на мяжу з Латвіяй, не дазваляючы ім вярнуцца на тэрыторыю Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.