Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенку прызналі палітвязнямі

Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенку прызналі палітвязнямі

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дваіх чалавек — старшыню гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра "Вясна" (закрытага ўладамі) Леаніда Судаленку і валанцёрку Марыю Тарасенку

Судаленку затрымалі 18 студзеня. Ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе па арт. 342 (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і знаходзіцца ў ІЧУ. Верагодна, падставай стала тое, што Судаленка дапамагаў аплочваць штрафы пратэстоўцам.

Увечары таго ж дня затрымалі і пасадзілі ў ІЧУ валанцёрку “Вясны” Марыю Тарасенка. У чым падазраюць яе і ў якім працэсуальным статусе знаходзіцца жанчына, цяпер не вядома.

Праваабаронцы нагадваюць, што Судаленка вядомы сваёё праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі і за яе межамі. 20 гадоў ён займаецца абаронай правоў чалавека. За праваабарончую дзейнасць быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства” ў 2018 г., а ў 2019-м стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".

"Цяперашні крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенка адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны нагадваюць, што ў СІЗА цяпер знаходзяцца валанцёры "Вясны" Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы прайшлі праз адміністрацыйны пераслед.

Праваабаронцы лічаць пераслед Судаленкі і Тарасенка палітычна матываваным. Таму патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць крымінальны пераслед. 

Таксама агучваецца патрабаванне спыніць пераслед і ціску супраць усіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", РГА "Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

На сёння ў Беларусі налічваецца 189 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі