Летась беларусы заплацілі 37 мільёнаў рублёў, каб адкупіцца за данаты
Дзмітрый Гара
У 2023 годзе Следчы камітэт завяршыў расследаванне больш як 1300 "экстрэмісцкіх" спраў і перадаў іх у пракуратуру для накіравання ў суд. Пра гэта паведаміў старшыня СК Дзмітрый Гара, піша "СБ. Беларусь сегодня".
Пры гэтым, як паведамлялася раней, толькі ў Мінску летась пачалі 2580 крымінальных спраў па "экстрэмісцкіх" артыкулах.
"Актыўна ўжываецца інстытут спецыяльнай дасудовай вытворчасці, у рамках якога скончана вытворчасць па 12 крымінальных справах у дачыненні да 31 асобы. Рэалізуецца механізм вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, аднак з'явіліся з павіннай і якія загладзілі прычыненую шкоду", — пералічыў старшыня СК.
Беларусы, якіх вінавацяць у данатах "экстрэмістам", па словах Дзмітрыя Гары, летась заплацілі больш за 37 мільёнаў рублёў "выкупу". Як распавядала Еўрарадыё, у некаторых выпадках "выкуп" у сотні разоў перавышае данат: за данат у два долары даводзіцца пералічыць 1000 долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.