"Левыя" і фронтаўцы з-за каранавіруса адмовіліся ад удзелу у выбарах

"Левыя" і фронтаўцы з-за каранавіруса адмовіліся ад удзелу у выбарах

Дзве палітычныя партыі адмовіліся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. 10 траўня ў анлайн-рэжыме прайшло пасяджэнне Сойму Партыі БНФ. Па яго выніках была прынята заява "Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі — падвойнае злачынства". У ёй крытычна ацэньваюцца дзеянні ўладаў ва ўмовах распаўсюду каранавіруса — правядзенне, насуперак рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі здароўя, масавых мерапрыемстваў, "неналежнае інфармаванне грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў", адсутнасць падтрымкі бізнесу і хатніх гаспадарак. Рашэнне пачаць выбарчую кампанію ў сітуацыі, калі расце колькасць выпадкаў COVID-19, фронтаўцы называюць "бязглуздым", "безадказным" і "небяспечным".

Партыя БНФ не толькі не вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары, але і не падтрымае "ніякага іншага кандыдата". Яна звяртаецца да іншых дэмакратычных арганізацый з заклікам адмовіцца ад удзелу ў выбарах ва ўмовах пандэміі каранавіруса. "Удзел у выбарчай кампаніі у цяперашніх умовах любога з кандыдатаў або арганізацыяў будзе саўдзелам у разбурэнні перспектываў беларускага народу не толькі на вольную будучыню, але і на фізічнае выжыванне", — чытаем у заяве Сойму.

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" таксама адмовілася ад удзелу ў выбарах. У яе заяве рашэнне аб правядзенні 9 жніўня выбараў называецца "безадказным" і "злачынным".

"Прэзідэнцкія выбары, калі гэта не прафанацыя, прадугледжваюць у першую чаргу шырокамаштабныя масавыя сацыяльныя кантакты паміж людзьмі, — чытаем у заяве партыі, змешчанай на старонцы яе лідара Сяргея Калякіна ў Facebook. — ...У гэтай сувязі правядзенне ў бліжэйшыя тры месяцы выбарчай кампаніі ў Беларусі ва ўмовах імклівага распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ставіць пад пагрозу здароўе і жыццё велізарнай колькасці людзей".

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" заклікае ўлады адмяніць прынятае рашэнне аб правядзенні выбараў "у інтарэсах захавання жыцця і здароўя людзей". Выбары прапануецца правесці толькі пасля заканчэння эпідэміі COVID-19.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі