Літоўскія вайскоўцы правялі вучэнні па барацьбе з сепаратыстамі

9 траўня вайскоўцы і прадстаўнікі іншых службаў у літоўскім Кайшадорысе вучыліся штурмаваць занятыя сепаратыстамі будынкі, вызваляць закладнікаў, уціхамірваць беспарадкі.

Як піша сайт ru.delfi.lt са спасылкай на Мінабароны Літвы, 9 траўня прайшлі вайсковыя вучэнні вялікага маштабе, у якіх удзельнічалі ўсе аддзяленні сістэмы ўнутраных спраў.

Паводле сцэнару, актыўныя сепаратысцкія групоўкі занялі будынак гарадской улады ды іншыя важныя будынкі, сталі супраціўляцца паліцыі. На дапамогу заклікалі сілы хуткага рэагавання Літвы. Разам з іншымі службамі бяспекі яны штурмавалі занятыя будынкі і падаўлялі беспарадкі.

Іншая група сіл хуткага рэагавання дзейнічала на палігоне ў Пабрадзе, дзе сепаратысты занялі склады з амуніцыяй. Вайскоўцы акружылі склады, нейтралізавалі сепаратыстаў і адрэзалі сепаратыстаў у іншых рэгіёнах ад забеспячэння. Баявыя аперацыі завяршыліся маланкавым штурмам і вызваленнем воданапорнай вежы, чыгуначнага моста, чыгуначнага вакзала і лякарні.

Падчас вучэнняў у Літве мадэлююць пагрозы рознага кшталту — ад гібрыднай вайны да нападаў тэрарыстаў. У сцэнар вучэнняў ўключаныя такія аб'екты стратэгічнай інфраструктуры, як тэрмінал СПГ, Клайпедскі порт, Палангскі аэрапорт і інш.

У вучэннях бяруць удзел 3000 вайскоўцаў і каля 500 службоўцаў сістэмы ўнутраных сіл.

Фота — ru.delfi.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі