Літва ўручыла Беларусі ноту ў сувязі з "сістэматычным парушэннем" мяжы
На беларуска-літоўскай мяжы / delfi.lt
У сераду ў літоўскае МЗС выклікалі прадстаўніка пасольства РБ. Яму была ўручана "строгая нота пратэсту ў сувязі з выпадкамі наўмыснага сістэматычнага парушэння дзяржаўнай мяжы Літвы", паведамляе Delfi.
МЗС Літвы патрабуе ад Беларусі аператыўна даць тлумачэнні наконт парушэнняў мяжы, якія адбыліся 12 і 18 красавіка, а таксама прыняць меры, каб у будучым падобныя інцыдэнты не паўтараліся.
"Беларускія службовыя асобы, якія незаконна перасякаюць мяжу Літвы, могуць быць затрыманыя", — заявіў міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс.
Абодва інцыдэнты адбыліся ў Швянчонскім раёне. Літоўскі бок заявіў, што ў першы раз беларускі памежнік зайшоў на тэрыторыю Літвы на адзін метр, пасля чаго выйшаў з яе, у другі раз зайшоў "прыкладна на два метры". Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі прызнаў першы інцыдэнт і назваў дзеянні памежніка "ненаўмыснымі". Што да парушэння мяжы 18 красавіка, то беларускі бок яго не прызнае. Сцвярджаецца, што на тым участку "праходжанне дзяржаўнай мяжы мае пэўныя асаблівасці", а "выява з камер назірання скажае сапраўднае месцазнаходжанне беларускага вайскоўца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.