Лукашэнка “абмяняе” Баўмгертнера на новыя ўмовы Мытнага саюзу для Беларусі?
Хто будзе кампенсаваць панесеныя Беларуссю страты ад "калійнай вайны", разважае дацэнт Маскоўскага інстытута міжнародных адносін Кірыл Коктыш.
Еўрарадыё: Здаецца, Керымаў усё ж прадае свой пакет акцый “Уралкалія”. Што штурхае сенатара-бізнесмена адмовіцца ад прыбытковых актываў?
Кірыл Коктыш: Пасля тых гульняў, якія Керымаў учыніў, калі абрынуў рынак, і відавочна, што менеджары “Уралкалія” на гэтым зарабілі вельмі неблагія грошы. Пасля гэтага ён, мне падаецца, атрымаў параду “сысці ўбок”. Бо, маўляў, ты не зусім у тыя гульні гуляеш. Такога кшталту парады маглі быць дадзеныя Керымаву даволі лёгка, бо ён набраў крэдытаў, каб набыць “Уралкалій” у свой час, але іх так і не вярнуў. Так што фармальна яго бізнес можа быць імгненна канфіскаваны банкамі — у першую чаргу дзяржаўным “Ашчадбанкам”. У расійскай улады, калі яна пачынае гуляць у такія гульні, шмат інструментаў, каб яе “парады” былі пачутыя бізнесменамі.
Еўрарадыё: Як продаж акцый адаб’ецца на лёсе Баўмгертнера?
Кірыл Коктыш: Пры такім развіцці падзей ён становіцца лішнім у гэтым ланцужку — непатрэбным. Найбольш істотнымі становяцца перамовы: як і на якіх умовах аднавіць манаполію “Уралкалія” і “Беларуськалія”? Як вярнуць кошты на той узровень, якімі яны былі да аб’яўлення “Уралкаліем” аб пачатку “шлюбаразводнага працэсу”? Гэта будзе складана, бо вярнуць чвэрць коштаў патрабуе і часу, і намаганняў, і дамоўленасцяў. Але гэта не выглядае невырашальнай задачай, як гэта было тыдзень ці паўтара таму. Як толькі з’явілася інфармацыя, што Керымаў будзе свае акцыі прадаваць, акцыі “Уралкалія” імгненна выраслі на 7%. А як толькі на самім прадпрыемстве заявілі, што ніякіх дамоўленасцяў наконт продажу няма, рост прыпыніўся.
Еўрарадыё: Нельга ж так проста ўзяць і адпусціць Баўмгертнера! А хто ж будзе вяртаць налічаныя Следчым камітэтам 100 мільёнаў стратаў, нібыта нанесеных нашай краіне ў выніку “калійнай аферы”?!
Кірыл Коктыш: Сядзець Баўмгертнер не будзе. Бо тады становіцца бессэнсоўнай арганізаваная Масквой здзелка па продажы Керымавым сваіх акцый “Уралкалія”. І вызваліць яго можна проста — існуе такая рэч, як прэзідэнцкі ўказ. Што ды пытання кампенсацыі, то яно так ці інакш, але ўсё адно паўстане — Беларусь, мне здаецца, згубіла больш за 100 мільёнаў долараў, калі лічыць і той прыбытак, які не будзе атрыманы. Калі ўвесь сусветны калійны рынак губляе 30 мільярдаў капіталізацыі, калі “Уралкалій” і “Беларуськалій” трымалі 45% гэтага рынку і мы кажам, што Беларусь згубіла толькі 100 мільёнаў, то мне падаецца, што не так яно падлічана. Але пытанне кампенсацыі зараз будзе міждзяржаўным — з новым уладальнікам “Уралкалія” найперш будуць абмяркоўваць пытанне, як вярнуць тыя кошты, якія абрынуліся. Як працаваць бліжэйшыя паўгода ці год, каб вярнуць кошты з сённяшніх 300 долараў за тону да 400 долараў? Дэ-юрэ пытанне кампенсацыі панесеных Беларуссю страт таксама будзе весціся з новым уладальнікам “Уралкалія”, але насамрэч гэта будзе размова фактычна з расійскай дзяржавай. Але ўсе будуць разумець умовы гэтай гульні, вынікам якой стане тое, што ўсе застануцца задаволеныя.
Еўрарадыё: Варыянт, што Баўмгертнера з-за прынцыпу пакінуць за кратамі хаця б на пэўны час вы цалкам выключаеце?
Кірыл Коктыш: Гэта было б бессэнсоўна. У палітыцы заўжды варта трымаць абяцанні. Тым больш што сёння справа не ў Баўмгертнеры і не ў тым, каб пакараць, а ў тым, каб вярнуць тыя грошы, якія былі страчаныя. А без будавання ўзаемнага даверу, без кааперацыі вяртанне гэтых грошай становіцца праблематычным.
Еўрарадыё: Беларусь стварыла сваю “аднамесную” Беларускую калійную кампанію — як гэта адаб’ецца на магчымым аднаўленні партнёрскіх адносінаў з “Уралкаліем”?
Кірыл Коктыш: Дзяржава застаецца ключавым уладальнікам “Беларуськалія”, а значыць любыя юрыдычныя фармальнасці могуць быць скарэктаваныя ў той ці іншы бок даволі хутка. Відавочна, што Масква хоча вырашыць гэты бізнес-канфлікт так, каб беларуска-расійскія адносіны не сталі ахвярай гэтага канфлікту. Гэта — адхрышчванне ад бізнесмена, які, маўляў, гуляў на свой страх і рызыку, а Крэмль тут ні пры чым. І тут цікава іншае: ці здолее Мінск у гэтых спрыяльных для сябе ўмовах узняць доўгачаканую тэму — умовы Мытнага саюзу павінны быць скарэктаваныя пад патрэбы беларускай эканомікі. Бо сённяшнія ўмовы Мытнага саюза не гарантуюць Беларусі захаванне яе індустрыяльнай ідэнтычнасці. Існуе пагроза ператварэння Беларусі ў сельскасгаспадарчую краіну. Таму зараз галоўнае пытанне — як мадыфікаваць канструкцыю Мытнага саюзу, каб гэтая беларуская патрэба была ўлічаная. І каб атрымалася гэта рэалізаваць. Умовы для гэтага ёсць — мы ўжо казалі пра рост папулярнасці Лукашэнкі ў расійскім грамадстве. Галоўнае — скарыстаць гэты момант разумна. Не канфліктаваць і не лезці на расійскую палітычную прастору, а па-ціхаму выгандляваць для сябе больш спрыяльныя ўмовы, чым сёння Беларусь у Мытным саюзе мае.
Еўрарадыё: Але ці дадуць расійскія ўлады трансфармаваць Мытны саюз “пад патрэбы беларускай эканомікі”, а Лукашэнку, як вы казалі раней, стаць “больш, чым прэзідэнтам Расіі”?
Кірыл Коктыш: Фактычна стаць славянскім Дэн Сяопінам, які на піку сваёй кар’еры нічым не кіраваў, але ўплываў на ўсё. Гэта ніша на тэрыторыі Мытнага саюзу і СНД нікім не занятая, і пытацца ў некага дазволу на тое, каб яе заняць, не трэба. Палітыка — гэта не тая лагодная справа, дзе ўсё вырашаецца падчас нейкай сяброўскай размовы. Гэта заўжды гандаль, часам даволі жорсткі. І дзе ёсць шмат рэчаў, якія трэба рабіць не пытаючыся. Але трэба гэта рабіць з добрым разуменнем становішча і не абвастраючы сітуацыю. Зараз размова ідзе аб канцэпцыі ўплыву. Праўда, досведу рэалізацыі такіх “праектаў” у Беларусі няма — давядзецца вучыцца.
Еўрарадыё: Керымаў цяпер не толькі алігарх, але і сенатар Савета Федэрацыі. Пасля продажу акцый, сапсаваных адносінаў з Крамлём ці не апынецца ён на ўзбочыне палітычнага і прадпрымальніцкага жыцця?
Кірыл Коктыш: Безумоўна, расійская ўлада не будзе звязваць свой лёс з лёсам асобнага алігарха. Зараз яму дадзеная парада, якую ён, безумоўна, паслухае. Як, безумоўна, і тое, што ў бліжэйшай будучыні на палітыка-эканамічным небасхіле Керымаў не будзе ў цэнтры. Наўрад ці асабіста да яго з боку расійскай улады будуць нейкія рэпрэсіі, хаця ў Расіі ніхто ні ад чаго не застрахаваны. Але зараз расійскім уладам трэба не толькі “зацішыць” і не прымяняць ніякіх санкцый супраць Керымава, але і ўвогуле адмовіцца ад усіх санкцый. Бо, да прыкладу, уведзеныя санкцыі супраць асобных беларускіх прадуктаў апынуліся вельмі непапулярнымі і ў Маскве, і ў іншых рэгіёнах Расіі. Карацей, выглядае на тое, што пытанне “калійнай вайны” прыме выключна камерцыйны характар — як вярнуць капіталізацыю “Беларуськалія”, а кошты — на былы ўзровень, і як кампенсаваць тыя страты, якія былі панесеныя за гэты час. Гэта — расійская зацікаўленасць.
Беларуская ж зацікаўленасць у тым, каб дыялог быў крыху шырэйшы — каб расійскі рынак станавіўся больш цікавым для Беларусі, а Беларусь — больш цікавым партнёрам для Расіі. Дый іншых варыянтаў для Беларусі няма — альтэрнатывы расійскаму рынку ў Беларусі няма. Еўрапейцы ў час крызісу не гатовыя адкрыць свой рынак беларускім таварам, у трэція краіны беларускія тавары пастаўляюцца нерэгулярна і не прыносяць пастаяннага і гарантаванага прыбытку, а Беларусь вырабляе больш тавараў, чым можа спажыць сама. Адсюль — барацьба за расійскі рынак. Што вяртае нас да неабходнасці трансфармацыі Мытнага саюзу, а ў будучыні — Еўразійскага саюза. Адкуль гэтая ідэя будзе зыходзіць — з Мінска, Масквы ці Астаны — і будзе залежаць, кіраўнік якой краіны здолее стаць “больш, чым прэзідэнтам Расіі”.
Еўрарадыё: Тым не менш дырэктар КамАЗу забаяўся ехаць у Беларусь, а расійскі сенатар Андрэй Клімаў сцвярджае, што такія настроі пануюць у большасці расійскіх бізнесменаў і палітыкаў… Гэта — рэха “калійнага канфлікту”, дый Баўмгертнер па-ранейшаму за кратамі.
Кірыл Коктыш: Па факце, нейкія санкцыі могуць быць ужытыя і, напэўна, будуць ужытыя. Усім вядома, што “палітыка Крамля заўжды была аднапартыйнай, але — шматпад’езднай”. І тая ж заява дырэктара КамАЗу — па сваёй сутнасці заява яшчэ аднаго алігарха — Дэрыпаскі. Зразумела, што гендырэктар прадпрыемства мусіць у першую чаргу дбаць пра бізнес-інтарэс алігарха, якому завод належыць. А ў дадзеным выпадку мы маем заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт здзелкі па набыцці МАЗа КамАЗам — ён гэтую здзелку назваў “бандыцкай”. І падставы для гэтага ў Лукашэнкі былі. Як вядома, сёння КамАЗ не працуе на поўную магутнасць — пра якое падваенне магутнасці можна казаць у такіх умовах?! Больш выгадна — закрыць канкурэнта, каб адзін завод застаўся адзіным на гэтай прасторы вытворцам грузавікоў і працаваў напоўніцу. Таму відавочна, што гэтая здзелка па набыцці КамАЗам МАЗа зрабілася б катастрофай для Беларусі — набываўся беларускі завод расійскім алігархам не для таго, каб працаваць, а каб прыбраць канкурэнта са шляху. Прычым усё было б паводле закону: калі ёсць адзін уладальнік, то ён вырашае, калі ёсць такая патрэба, якія магутнасці пакінуць, а на якіх працаваць. Гэта так званае несяброўскае паглынанне. Я больш чым упэўнены, што закрыў бы Дэрыпаска беларускі завод. Добра, што гэтая здзелка спынілася на “далёкіх подступах”. Бо карпарацыя сацыяльна адказнай ніколі не будзе, а дзяржава ёй быць абавязаная.
Фота: Змітра Лукашука