Лукашэнка: Апошні месяц у беларуска-расійскіх адносінах занадта бурны
Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў 9 верасня падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.
На сустрэчы абмяркоўвалася падрыхтоўка да сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая пройдзе 23 верасня ў Сочы. Таксама абмяркоўвалася беларуска-расійскае сумеснае стратэгічнае вучэнне "Захад-2013", перадае БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "У апошні час у нас занадта шмат інфармацыйных і іншых нагод у беларуска-расійскіх адносінах. Я гатовы абмеркаваць з вамі пытанні, якія могуць узнікаць у сувязі з гэтым, бо апошні месяц выйшаў ужо занадта бурны ў нашых адносінах, маса непаразуменняў у гэтым плане, і я хацеў бы вас паінфармаваць і пачуць вашы ацэнкі".
Бардзюжа дэталёва паінфармаваў Лукашэнку пра падрыхтоўку да саміту АДКБ у Сочы. Па яго словах, у цэлым парадак дня ўжо падрыхтаваны. У прыватнасці, на разгляд прэзідэнтаў плануецца вынесці некалькі вельмі важных пытанняў, якія датычаць развіцця сілавога складніку з улікам сітуацыі ў свеце.
Фота — ctv.by