Лукашэнка даручыў працягнуць перамовы з МВФ

Лукашэнка даручыў працягнуць перамовы з МВФ

Аляксандр Лукашэнка даручыў працягнуць перамовы з Міжнародным валютным фондам аб новай крэдытнай праграме (крэдыт мусіць складаць 3 млрд долараў). У панядзелак кіраўнік дзяржавы правёў нараду, прысвечаную пытанням узаемадзеяння з МВФ. Лукашэнка назваў патрабаванні фонду да нашай краіны "суперліберальнымі", у тым ліку і па прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. Паводле яго слоў, яны перакрэсліваюць усё, што было зроблена ў Беларусі за 20 гадоў ("ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў") і могуць зрабіць беларусаў жабракамі.

"Так, хочацца атрымаць тры мільярды таннага крэдыту, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Я таксама за. Але цана зусім непад'ёмная для нас і несправядлівая ў адносінах да народа, перакрэслівае ўсю палітыку, якую мы праводзілі да гэтага часу".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падчас згаданых перамоваў з МВФ трэба безумоўна ўлічваць інтарэсы беларускага народу. У тым ліку і з гэтай прычыны будзе перароблены ліст да кіраўніцы Міжнароднага валютнага фонду Крысцін Лагард. Яго першы варыянт Лукашэнка назваў зневажальным і для яго, і для беларускага народу. Адзначаецца, што патрабаванні МВФ беларускі бок не адрынуў, а настойвае на пэўным "эвалюцыйным працэсе" ў іх рэалізацыі.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрад не павінен спрабаваць закрываць знешнімі пазыкамі бяздзейнасць па тых ці іншых напрамках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі