Лукашэнка і Пуцін сёння ў Маскве будуць гаварыць пра Украіну
Кіраўнік Беларусі здзейсніць візіт у Расію і паўдзельнічае ў паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка здзейсніць візіт у Расію. Ён паўдзельнічае ў паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы, сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным.
Лукашэнкам і Пуціным будуць абмеркаваныя "актуальныя пытанні двухбаковых беларуска-расійскіх адносінаў", функцыянаванне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў напярэдадні адзначыў, што "на 100%" гаворка пойдзе і пра сітуацыю ва Украіне.
Па выніках паседжання плануецца падпісаць чатыры дакументы. Яны будуць рэгуляваць беларуска-расійскія дачыненні ў сацыяльнай і міграцыйнай сферах. Між іншым, Беларусь і Расія ўстановяць парадак абмену дадзенымі пра сваіх грамадзян, якія маюць абмежаванні на выезд з краіны, інфармуе БЕЛТА.
Адзначым, што сёння Лукашэнка атрымае ад Пуціна ордэн Аляксандра Неўскага. Указ ад уручэнні гэтай высокай узнагароды быў падпісаны расійскім прэзідэнтам яшчэ ў жніўні 2014 года “за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё традыцыйных сяброўскіх сувязяў паміж Расіяй і Беларуссю, паглыбленне двухбаковага ўзаемадзення ў палітычнай, абароннай, эканамічнай і сацыяльнай сферах".
Фота: Коммерсант