Лукашэнка: КДБ і МУС выявілі тых, хто рыхтаваў выбухі дамоў і вуліц
На нарадзе 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спецслужбы спынілі падрыхтоўку тэрактаў. Нібыта нават былі групы баевікоў.
"Вось з часам Камітэт дзяржбяспекі апублікуе факты, як спрабавалі не проста падарваць абстаноўку маральна неяк, яшчэ неяк, а як спрабавалі падрываць дамы і вуліцы ў нас у краіне і адкуль ішлі боепрыпасы, выбухоўка. Цалкам адноўленыя ланцужкі, затрыманыя людзі, якія праз мяжу вадзілі іх", — цытуе БЕЛТА выказванне Лукашэнкі.
Нейкія канкрэтныя імёны ён называць не стаў, але сказаў, што КДБ і МУС дзейнічалі разам: "Ва ўзаемадзеянні яны нейтралізавалі гэтых дзеячаў. Шчыра кажучы, у нас падазрэнне ёсць на некаторыя групы, але мы не ўпэўненыя, што бачым і ведаем усіх. І мы не можам іх ведаць, таму што закінуць да нас людзей са зброяй і боепрыпасамі, выбухоўкай ніякіх праблем няма, як і ў любую іншую краіну".
Дарэчы, пасля разгону Плошчы-2010 года па БТ паказвалі нейкія заточаныя металічныя штыры, з якімі нібыта апазіцыя рыхтавалася ісці на штурм Дома ўрада. Потым ні на адным судзе ў 2011 годзе гэтыя штыры не фігуравалі.
У 2017 годзе па БТ паказвалі зброю, нібыта канфіскаваную ва ўдзельнікаў "справы Белага Легіёна". Як потым выявілася, зброя была страйкбольная. Справа нават не дайшла да суда.
У тым жа 2017 годзе спецслужбы паведамлялі пра джып са зброяй, які прарываўся праз беларускую мяжу. Пазней ён так і расплыўся ў паветры без далейшых каментароў. Як і амаль 200 расійскіх баевікоў, якія, па словах беларускага кіраўніцтва, улетку 2020-га хадзілі ў лясах на поўдні Беларусі.
Можна меркаваць, што і цяпер гаворка ідзе пра такую ж самую "выяўленую зброю і выбухоўку".
Лукашэнка падкрэсліў, што ён абараняе краіну і гатовы пры гэтым дзейнічаць жорстка. "Тое, што мы дзейнічалі жорстка, абараняючы сваю краіну, ужо многія зразумелі. А астатнія зразумеюць. І мяне ў тым папракаць не трэба, што я абараняў сваю краіну. Гэта мае канстытуцыйныя абавязкі. І я буду абараняць, чаго б мне гэта ні каштавала. Трэба — на танку, БМП, з аўтаматам у руках", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.