Лукашэнка: Мы не драматызуем арыентацыю Малдовы на ЕС
У любой сітуацыі варта шукаць варыянты, каб выкарыстаць яе з выгадай для абодвух бакоў.
Беларусь не драматызуе сітуацыю з арыентацыяй Малдовы на Еўрасаюз. Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў у Мінску на сустрэчы з прэзідэнтам Малдовы Мікалаем Цімафці, перадае БЕЛТА. Паводле словаў беларускага кіраўніка, ён успрымае як дадзенасць тое, што Малдова падпісала дакумент аб асацыяцыі з ЕС.
Лукашэнка ўпэўнены, што ў любой сітуацыі варта шукаць варыянты, каб выкарыстаць яе на карысць дзвюх краін.
“Мы вам удзячныя, нягледзячы на тое, што, можа быць, недзе ў якасці падтрымкі сваіх саюзнікаў, у якасці нейкіх абяцанняў вы і павінны былі падтрымліваць Еўрасаюз, ЗША, пры гэтым ніколі такога не было, каб гэта было супраць Беларусі. Мы вельмі гэта цэнім”, — адзначыў беларускі кіраўнік.
Таксама Лукашэнка звярнуў увагу на высокі ўзровень таваразвароту паміж Беларуссю і Малдовай — 400 мільёнаў рублёў за мінулы год. Беларускі лідар лічыць перспектыўным стварэнне сумесных вытворчасцяў і выхад на буйныя рынкі ЕС і ЕАЭС.