Лукашэнка: Нам трэба трохі часу, і мы патрабаванні Еўропы прымаем

Такую заяву зрабіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства. Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што ўлады мусяць скласці графік выканання патрабаванняў. А палітолаг Аляксандр Фядута мяркуе, што Лукашэнка знайшоў для сябе "найлепшую гарантыю"
Удасканаленне выбарчага заканадаўства Беларусі не запатрабуе ўнясення зменаў у Канстытуцыю. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства.

Паводле яго слоў, Беларусь спакойна ўспрымае крытыку ЕС у гэтым пытанні. "Проста нам трэба крыху часу. І мы практычна ўсе 12 патрабаванняў ад Еўропы прымаем — бяз шкоды для нашай ўнутранай палітыкі", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лібералізацыя выбарчага заканадаўства не мусіць прывесці да палітычных закалотаў.

Глядзі таксама: 12 патрабаванняў Еўрасаюза да ўладаў Беларусі


***
Мілінкевіч: Улада мусіць скласці графік выканання патрабаванняў Еўрасаюза

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія ўлады прымаюць усе патрабаванні ЕС.

Аляксандр Мілінкевіч: "Гэта пазітыўнае выказванне. Вельмі важна, што ўлада разумее, што акрамя эканамічнага і культурніцкага супрацоўніцтва, вельмі важнае палітычнае супрацоўніцтва. А яно немагчымае без выканання гэтых умоваў. Што тычыцца хуткасці гэтага, улада сама павінна сказаць: такія пункты мы выканаем у гэтыя месяцы, такія ў гэты год. Але яна павінна сказаць, як зможа выконваць адпаведна календара. Я лічу, што гэта тады выклікае давер у Еўрасаюза і дае добры шанцы на супрацоўніцтва, эканамічнае, фінансавае…".


Фядута: Лукашэнка знайшоў найлепшую гарантыю, каб застацца ў гісторыі

Палітолаг Аляксандр Фядута пракаментаваў Еўрарадыё сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларускія ўлады прымаюць усе 12 патрабаванняў ЕС.

Аляксандр Фядута: "Калісьці адзін чалавек сказаў мне фразу, нібыта, сказаную Аляксандрам Лукашэнкам падчас яго адзінай сустрэчы са спадаром Вікам. Калі Вік сказаў яму: “Вы разумееце, што гэтая Канстытуцыя 1996 года і гэтае заканадаўства — яны не зусім дэмакратычныя і краіна жыць па гэтым заканадаўстве не здолее”, Аляксандр Лукашэнка нібыта адказаў: “Хто вам сказаў, што я пакіну гэта заканадаўства пасля сябе?!”.

Калі сапраўды будуць змены і калі яны будуць незваротныя — гэта будзе найлепшая гарантыя для Аляксандра Лукашэнкі, што ён застанецца ў гісторыі і гэта будзе найлепшая гарантыя, што з ім пасля адыходу ад улады нічога не будзе дрэннага. Таму што па дэмакратычным заканадаўстве, калі яго пераемнікі па ім будуць працаваць, яны нічога не змогуць інкрымінаваць першаму прэзідэнту краіны. Мяркую, што падсвядома, хоча Лукашэнка гэтага ці не, ён усё адно пра гэта думае. Свядома ён адчувае, што пэўная рацыя ў патрабаваннях Еўрасаюза ўсё ж такі ёсць.

Еўрарадыё: А ці магло б гэта азначаць, што Лукашэнка не збіраецца ісці на прэзідэнцкія выбары?

Аляксандр Фядута: "Я думаю, ён будзе прымаць рашэнне значна пазней — недзе за два-тры месяцы да выбараў. А сёння, калі ён нават збіраецца сыходзіць, ён мусіць паводзіць сябе так, як паводзіць сябе — як дзеючы прэзідэнт краіны".



Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі