Лукашэнка назваў беларускіх футбалістаў і хакеістаў лайдакамі (відэа)
Аляксандр Лукашэнка назваў беларускіх футбалістаў і хакеістаў лайдакамі. Кіраўнік дзяржавы незадаволены сітуацыяй у шэрагу відаў спорту, пра што і выказаўся на пашыраным пасяджэнні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Дзе вынікі? — пытаўся Лукашэнка ў прысутных кіраўнікоў федэрацый. Ён прыгадаў правальнае выступленне беларусаў на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, паражэнне зборнай Беларусі па футболе ад Люксембурга, параіў Ігару Шуневічу не радавацца, што мінскае “Дынама” абыграла “Сочы”, паколькі зноў можа быць серыя паражэнняў.
“Я ўжо гаварыў пра гульнявыя [віды спорту], — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Увогуле агідна глядзець. На што грошы трацім? Таму пачынайце варушыцца і не хадзіце ў НАК па грошы. Дзякуй богу, што гэтыя лайдакі — у Румаса футбалісты і ў Шапіры хакеісты — не патрапілі на Алімпіяду або на нейкія іншыя буйныя спаборніцтвы. Хоць грошы не трэба на іх будзе марнаваць”.