Лукашэнка: не дапусцім, каб беларусы гінулі ад фальшывай гарэлкі
У чацвер падчас разгляду кадравых пытанняў (сярод іншых былі прызначаны новыя кіраўнікі канцэрна "Белхарчпрам" і завода "Мінск Крышталь Груп") Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму сферы вытворчасці моцных алкагольных напояў. Паводле яго слоў, яе чакаюць няпростыя часы. Ён не выключае, што ў сістэме кіравання гэтай галіной адбудуцца змены (і ў вытворчасці, і ў рэалізацыі прадукцыі). Пры гэтым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, трэба "захаваць лепшыя якасці... старой сістэмы".
"Дзяржава ні ў якім выпадку не можа сыйсці з гэтай сферы, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Не дай Бог, аслабім кантроль — людзей пачнуць спойваць паленай гарэлкай, і яны пачнуць гінуць, як у некаторых суседніх краінах".
Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава мусіць несці адказнасць за якасць прадукцыі.
Старшынём "Белдзяржхарчпраму" стаў Анатоль Бубен, а "Мінск Крышталь Груп" — Ігар Шустаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.