Лукашэнка падкарэктаваў "дэкрэт аб дармаедах"
12 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1. Гэты дакумент уносіць змены ў дэкрэт №3 ад 2 красавіка 2015 г ода "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". У народзе гэты дакумент больш вядомы як "дэкрэт аб дармаедах".
Змены датычаць пераліку тых, хто вызваляецца ад уплаты так званага "падатку на дармаедаў", паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка. Не павінны плаціць гэты збор грамадзяне, унесеныя ў спіскавы склад нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі. Вызваляюцца ад аплаты тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, а таксама тыя, да каго ўжываюцца прадугледжаныя законам меры бяспекі, якія не дазвалялі ім удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Грамадзяне, якія стаяць на ўліку беспрацоўных альбо якія навучаюцца па накіраванні біржы працы, не павінны плаціць "падатак на дармаедаў" толькі ў тым выпадку, калі яны не парушаюць свае абавязкі ў галіне занятасці насельніцтва. Асобы, якiя выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, вызваляюцца ад аплаты збору пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў не ходзіць у садок.
Мясцовым саветам дэпутатаў (або па iх даручэнні мясцовым выканаўчым ці распарадчым органам) даецца права вызваляць грамадзян ад выплаты збору, калі тыя знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі.
Канчатковы тэрмін перасылкі паведамленняў з падатковай інспекцыі перанесены з 1 лістапада 2016 года на 20 студзеня 2017 года. Тэрмін выплаты збору перанесены з 1 снежня 2016 года на 20 лютага 2017 года. Гэта тлумачыцца неабходнасцю дадаткова ўдакладняць пералік асобаў, якім належыць выплаціць збор за 2015 год.