Лукашэнка паглядзеў "На другім беразе" і падзяліўся ўражаннямі
Попкорн
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай пытанням адукацыі, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад фільма "На другім беразе". Карціна, нагадаем, прысвечаная падзеям пасля падзелу Беларусі па Рыжскім дагаворы 1922 года. Фільм здымалі як ідэалагічнае абгрунтаванне новага свята, заснаванага Лукашэнкам — Дня народнага адзінства.
"Да Дня народнага адзінства выпусцілі фільм. Я яго таксама паглядзеў. Ну, не ідэальны. Вышэй сярэдняга. Але фільм. Ён ужо пра нешта расказвае", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Пра фільм да Дня народнага адзінства Лукашэнка загаварыў пасля заўвагі аднаго з педагогаў, што трэба павышаць прэстыж прафесіі настаўніка. Для гэтага можна было б зняць сацыяльную рэкламу ці нават фільм. "Ну дык рабіце фільм", — сказаў Лукашэнка. І дадаў, што дасць "на гэта" грошай.
"Але гэта павінны зрабіць настаўнікі. Кіношнікі будуць здымаць, але вы павінны ім сказаць: вось так вось. І не перабольшваючы. Аб'ектыўна трэба паказваць", — сказаў ён. У адваротным выпадку фільм глядзець не будуць. Пры чым такія фільмы, лічыць Лукашэнка, трэба здымаць не толькі пра настаўнікаў — "трэба паказваць больш са станоўчага боку і іншыя катэгорыі нашых работнікаў". Таму што многія сучасныя фільмы, якія ідуць у Беларусі, у асноўным пра "забіць, зарэзаць, згвалціць".
Фільм "На другім беразе" здымаў, нагадаем, расійскі рэжысёр Андрэй Хрулёў. Да гэтага ён працаваў у асноўным над малавядомымі расійскімі серыяламі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.