Лукашэнка параўнаў жніво з Еўрагульнямі: ідэальны парадак і нябачная міліцыя
Аляксандр Лукашэнка заклікаў узмацніць у сельскай гаспадарцы дысцыпліну і барацьбу з п'янствам. Гэта прагучала 23 ліпеня на рэспубліканскай селектарнай нарадзе, прысвечанай пытанням жніва. Лукашэнка вызначыў адказных за розныя праблемныя пытанні. Напрыклад, за паліва і ўгнаенні адказваюць урад і асабіста прэм'ер-міністр Сяргей Румас. Да кантролю за правільным захоўваннем сельскагаспадарчай тэхнікі мусіць падключыцца міліцыя.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева: "Юрый Хаджымуратавіч, калі ласка, падключыцеся да гэтага працэсу". "Зрабіце, як вы правялі II Еўрапейскія гульні: нідзе не было відаць міліцыі, а парадак быў ідэальны", — цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба.
Лукашэнка адзначыў, што неабходна займацца прафілактыкай ДТЗ, здзейсненых нецвярозымі кіроўцамі. "П'яніц дастаткова, — гаварыў ён. — Законы дазваляюць з імі разабрацца як след, асабліва ва ўборачную кампанію. Сеў за руль у п'яным выглядзе — галаву страціў".