Лукашэнка — паслу КНДР: у нас неапраўдана нізкі ўзровень адносін
Палац Незалежнасці / З архіву БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разлічвае на ўмацаванне адносін з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай.
"Неапраўдана нізкі ўзровень адносін у нас, нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым кірунку", — сказаў ён падчас цырымоніі ўручэння даверчых грамат кіраўнікамі дыпмісій, паведамляе БЕЛТА.
Лукашэнка папрасіў новага паўночнакарэйскага пасла "звярнуць увагу на такія сферы супрацоўніцтва, як вытворчасць лекаў і прадуктаў харчавання, прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі".
Даверчыя граматы Лукашэнку ў аўторак ўручылі паслы Венесуэлы, Ірана, КНДР, Сірыі, Турцыі і Японіі, а таксама апостальскі нунцый у Беларусі.
"Мы рашуча абараняем інтарэсы большасці"
Лукашэнка "адказна" заявіў дыпламатам, што ўлада здольная "эфектыўна супрацьстаяць знешнім выклікам і пагрозам" і "не дапусціць грамадзянскага расколу і самавольства асобных радыкальных элементаў".
"Мы рашуча абараняем інтарэсы большасці грамадзян, якія прагаласавалі за адзіную Беларусь і выступаюць за незалежную і ўстойлівую дзяржаву", — падкрэсліў Лукашэнка.
Пры гэтым, паводле яго слоў, улада гатовая да ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі, гатовая абмяркоўваць любыя пытанні, але не дапусціць умяшання ва ўнутраныя справы.
Многія краіны не прызналі выбары ў Беларусі. Міжнародныя адносіны аказаліся зведзеныя да мінімуму, шэраг еўрапейскіх краін адклікаў сваіх паслоў з Мінска. Праз сітуацыю, якая склалася, у Беларусь так і не прыехала новы пасол ЗША Джулі Фішэр. Яе чакалі да канца восені.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.