Лукашэнка патрабуе навесці парадак у адвакатуры

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі / БЕЛТА​
На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі / БЕЛТА​

"Што зроблена для навядзення парадку ў асобных праваахоўных органах і перш за ўсё ў адвакатуры?" — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб выкананні яго даручэнняў па ўдасканаленні заканадаўчых актаў у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку, паведамляе "СБ. Беларусь сегодня".

"Асноўная задача гэтага прававога інстытута (адвакатуры — Еўрарадыё) — абарона законных інтарэсаў грамадзян, суб'ектаў гаспадарання. Як яны тут няўхільна выконваюць закон? Давайце і на гэтае пытанне паглядзім", — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён прапанаваў абысціся "без спробаў паставіць кагосьці на калені і нахіліць. Вінаваты — адказвай, не вінаваты — ідзі працуй".

Нагадаем, у апошнія месяцы шэсць адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій. Адразу некалькіх абаронцаў з гэтай прычыны страціла Марыя Калеснікава. У пачатку сакавіка старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц заклікаў калегаў "не лезці ў палітыку".

"Выпальваць гартаваным жалезам"

На нарадзе таксама прагучала, што пасля папярэдняй такой сустрэчы ў Лукашэнкі былі аператыўна распрацаваныя 10 законапраектаў, якія гэтым разам кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна разгледзець у парламенце і ўвесці ў дзеянне.

Але спачатку Лукашэнка вырашыў яшчэ раз абмеркаваць, "якія асноўныя змены плануюцца ў крымінальным заканадаўстве? Наколькі сістэмна яно перагледжанае? Ці ў поўнай меры забяспечваецца ахова канстытуцыйнага ладу?".

Акрамя таго, ён заклікаў сваіх чыноўнікаў рыхтавацца "да любых праяваў дэструктыўнай дзейнасці: ад заклікаў да незаконных страйкаў да маніпулявання свядомасцю людзей з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій". 

Лукашэнка запатрабаваў сфармаваць такую заканадаўчую сістэму, якая б мела ў сваім арсенале інструменты рэагавання на кожны падобны крок.

У прыватнасці, "гартаваным жалезам", па яго словах, павінны выпальвацца распаўсюджванне персанальных дадзеных і пагрозы сем'ям лаяльных да ўлады грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі