Лукашэнка перадаў падарункі Трампу і згадаў пра яго зяця
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Мінску ў Палацы Незалежнасці з дарадцам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джонам Болтанам уручыў падарункі. Болтан атрымаў эксклюзіўны набор шакаладу, выраблены да Еўрагульняў, альбом "Спадчына Беларусі". "Вы ў самалёце пагартаеце і ўбачыце, што такое Беларусь", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА,
Для Дональда Трампа Аляксандр Лукашэнка перадаў Болтану корцік з беларускім арнаментам і гербам РБ. Ён пажартаваў, што на колішніх выбарах "хварэў за Трампа" і такім чынам "умешваўся" ў амерыканскія выбары. Жонка амерыканскага прэзідэнта Меланья ў якасці падарунка атрымала вырабы з беларускага льна — абрус з сурвэткамі.
На развітанне Лукашэнка перадаў прэзідэнту ЗША самыя цёплыя пажаданні ад свайго народу. Ён таксама нагадаў, што карані зяця Трампа Джарэда Кушнера з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.