Лукашэнка пра ліквідацыю свіней: Каб на наступным тыдні скаргаў не было!
У чацвер кіраўнік дзяржавы праводзіць нараду, прысвечаную сітуацыі ў свінагадоўлі і змаганню супраць афрыканскай чумы свіней.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што небяспека для свінагадоўлі, нягледзячы на ўсе меры, засталася. Ён выказаўся супраць стварэння нейкай праграмы па барацьбе з афрыканскай чумой і заклікаў да "канкрэтных мераў", якія выпрацаваныя досведам.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на адсутнасць вакцынаў ад чумы. Ён прызнаў, што адзіны спосаб спыніць эпідэмію — гэта ліквідаваць свіней і дзікоў у ачагах захворвання і стварэнне 5-кіламетровых буферных зонаў.
Аднак Лукашэнка заклікаў не ігнараваць людзей, якія, паводле яго словаў, актыўна скардзяцца ў адміністрацыю прэзідэнта: "Здавалася б, мы выконваем святую місію — змагаемся з гэтай заразай, але ў той жа час спараджаем новую праблему — негатыўную рэакцыю людзей на нашы дзеянні". Кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэта недапушчальна.
"Але гэта павінна быць разумна, а не тое, што ў кабінеце накрэслілі круг радыусам 5 км вакол вёскі і пачалі там "квасіць", не слухаючы, не разумеючы людзей. Гэтага быць не павінна ", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі "Интерфакс-Запад".
У той жа час ён заўважыў, што "калі захварэлі жывёлы — нікуды не дзенешся, трэба знішчаць".