Лукашэнка прапанаваў Літве разам выкарыстоўваць Беларускую АЭС
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь і Літва павінны разам думаць, як эксплуатаваць Астравецкую АЭС. З такой заявай ён выступіў падчас паездкі ў Віцебскую вобласць.
Кіраўнік Беларусі, па яго словах, абмяркоўваў тэму АЭС з літоўскім амбасадарам, які нядаўна пакінуў нашу краіну. Лукашэнка нагадаў, што Літва сёння адчувае дэфіцыт электрычнасці і прапанаваў пастаўляць у суседнюю краіну электрычнасць па прымальных коштах.
"Мы забіраем сёння людзей, якія на Ігналінскай станцыі засталіся без працы (станцыю зачынілі). Мы прыцягнем гэтых людзей для працы ў нас. Яны будуць для нас не чужыя людзі. Гэта значыць, маса праблем, давайце будзем разам думаць, як эксплуатаваць гэтую станцыю, а не стаяць лоб у лоб і адзін на аднаго паказваць пальцам", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Шуміху вакол будаўніцтва АЭС кіраўнік Беларусі лічыць звычайнай канкурэнцыяй, палітызацыяй напярэдадні літоўскіх выбараў і балбатнёй. Ён згадаў, што нядаўна пажар адбыўся на Ігналінскай АЭС у Літве: "Шмат хто нават не ведае пра гэта. Чаму? Мы не робім з гэтага катастрофы. Калі патрэбна дапамога, мы дапаможам. Але яны спраўляюцца самі з гэтым інцыдэнтам, значна больш сур'ёзна, чым у нас. Мы не крычым пра гэта гвалтам".
Лукашэнка падкрэсліў,што апошнім часам у літоўскіх СМІ з'яўляюцца разумныя развагі спецыялістаў пра будаўніцтва АЭС у Беларусі. Літоўскія эксперты кажуць, што Беларусь найбольш зацікаўленая ў бяспецы АЭС, і заклікаюць краіны да супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў Літве, Латвіі ды Польшчы знайсці не палітыкаў, а групу прафесіяналаў, з якой будзе працаваць беларускі бок. Па яго словах, наша дзяржава зацікаўленая ў такім позірку збоку.