Лукашэнка прызначыў новага галоўнага ідэолага
19 жніўня Аляксандр Лукашэнка прызначыў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказнага за ідэалогію і СМІ. Ім стаў 40-гадовы Андрэй Кунцэвіч, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка падкрэсліў, што новаму ідэолагу давядзецца займацца перадвыбарнай кампаніяй. "Павінен сказаць, што — з карабля на баль. Часу для разварушвання няма. Таму што перадвыбарная кампанія — гэта і вялікая ідэалагічная работа. А вам прыйдзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай працы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, прама скажу, лекцыямі ў ВНУ", — патлумачыў кіраўнік Беларусі.
Ён заклікаў Кунцэвіча звярнуць увагу на працу з моладдзю, "якая сядзіць у інтэрнэце" і чытае там пра палітыку дзяржавы "ўсё навыварат перавернутае".
Лукашэнка загадаў новаму ідэолагу актыўна працаваць у інтэрнэце. "Інтэрнэт — гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункту гледжання ўсё зачыніць і забараніць. А выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю прэзідэнта. Пакуль больш за ўсё гэтым займаецца прэзідэнт. Ён і будзе займацца гэтымі пытаннямі, але і пэўныя службовыя асобы, у тым ліку вы, а таксама кіраўніца Адміністрацыі. Перш за ўсё вы ўдваіх павінны будзеце гэтым займацца — працаваць з людзьмі", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Андрэй Кунцэвіч нарадзіўся ў Магілёве ў 1979 годзе. У 2002 годзе ён скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2007-м — Акадэмію кіравання. Працаваў у бялыніцкай раёнцы "Зара над Друццю", даслужыўся да пасады рэдактара газеты.
Потым пачаў чынавенскую кар'еру: быў намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама, намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Са студзеня 2017 года працаваў намеснікам старшыні Магілеўскага аблвыканкама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.