Лукашэнка: Рэформаў не будзе, купка палітыкаў хоча смуты

Лукашэнка: Рэформаў не будзе, купка палітыкаў хоча смуты

Пятая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню прайшла ў Палацы незалежнасці. Кіраўнік краіны выказваецца пра адносіны з Захадам, рэформы і каляровыя рэвалюцыі.

“Нічога руйнаваць не будзем”

Некалькі разоў Аляксандр Лукашэнка паўтарае, што “не варта руйнаваць ужо зробленае”. Кіраўнік краіны дае зразумець: чакаць нейкіх рэформаў зарана.

“Зашмат сёння гавораць і пішуць, пра структурныя рэформы. Але ніхто не сказаў, што гэта за рэформы. За гэтыя рэформы нехта ў свеце гатовы добра заплаціць. Вакол правялі падобныя рэформы, яны паспрабавалі гэтых реформ. Што дрэнна ў той сістэме, якую мы стварылі? Гэтыя прапановы гучаць з розных кабінетаў. І я задумваюся, што мы рабілі не так. Рэформы — гэта павышэнне пенсійнага ўзросту, гэта платная медыцына, платная адукацыя”.

На думку палітолага Аляксандра Сінкевіча, гэта пасыл, каб супакоіць дзяржапарат: усё будзе па-старому.

“Гэта пасыл, што будзе стабільнасць і не будзе сур’ёзных зменаў. Пасыл чынавенству. Каб не чакалі нейкіх чыстак, зрухаў”.

“Нікуды мы не разварочваемся”

Некалькі разоў Аляксандр Лукашэнка ўзгадвае пра адносіны з Расіяй і Захадам. І просіць і тых, і іншых не настройваць Беларусь супраць суседзяў.

“Мы развіваем нашы сувязі з Азіяй, Афрыкай, Лацінскай Амерыкай. Мы адкрытыя для сяброўства з ЗША і Еўрапейскім саюзам. Нехта пачуўшы, што мы вядзем перамовы з ЗША пачынае крычаць: "Лукашэнка некуды разварочваецца". Убачыўшы нашы адносіны з Расіяй, нехта становіцца на дыбы на Захадзе. Ды не разрывайце нас, не сутыкайце нас з Расіяй, не сутыкайце ў Расіі нас з Захадам. Мы хочам, каб жыццёва важныя інтарэсы беларусаў былі тут”.

Гэта традыцыйная палітыка балансавання паміж Захадам і Усходам, якая не клеілася апошнія пяць гадоў, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч:

“Гэта было адрасавана ўсім, беларускаму народу, у тым ліку. Ён проста агучыў тое, што ўжо робіцца цяпер. Пасля 2010-га года адносіны з Захадам былі сапсаваныя, а цяпер ён зноў паспрабуе аднавіць гэтае балансаванне”.

“Купка палітыкаў жадаюць распаліць агонь смуты”

Не абмінае ўвагай кіраўнік краіны і апанентаў, якіх вінаваціць у жаданні навесці смуту. І ў чарговы раз пужае каляровай рэвалюцыяй.

“У Беларусі як і раней ёсць купка палітыкаў, якія хочуць распаліць агонь смуты. Характэрна, што такіх радыкалаў адрынае не толькі большая частка народу, але і тыя, хто не згодны з некаторымі рашэннямі ўлады. Стаўка на каляровую рэвалюцыю правальная”.

Аляксандр Лукашэнка разгублены перад унутранымі і знешнімі выклікамі, мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч:

“Гэта разгубленасць перад выклікамі, якія стаяць перад краінай, перад эканомікай. Здавалася б, што ніякіх прыкметаў каляровай рэвалюцыі няма, кампанія прайшла вельмі ціха. Але гэта старыя тэзы, якія проста паўтараюцца”.

У выніку, што будзе з краінай наступныя пяць гадоў, Аляксандр Лукашэнка так і не сказаў, дадае палітолаг.

Фота: president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі