Лукашэнка вінаваціць ЗША ў беларускіх праблемах
У сітуацыі ўнутры Беларусі вінаватыя Злучаныя Штаты. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас паездкі на агракамбінат "Дзяржынскі".
"Нам рыхтавалі гэтую вось заварушку. І Расія баялася страціць. Захад нас неяк падцягнуць вырашыў, вядома ж, як мы бачым цяпер, супраць Расіі. Цяпер яны хочуць усталяваць гэты Балта-Чарнаморскі калідор, санітарны кардон — тры балтыйскія рэспублікі, мы і Украіна. Мы тут адно звяно засталіся", — перадае БЕЛТА геапалітычныя раскладкі Лукашэнкі.
Пасля гэтага ўступу кіраўнік дзяржавы перайшоў да выкрыцця варожых планаў.
"Плануюць усё гэта і накіроўваюць ЗША, а еўрапейцы падыгрываюць. Сказана так — зробяць так. Створаны спецыяльны цэнтр пад Варшавай. Мы кантралюем, ведаем, чым ён займаецца. Пачалі ляскаць гусеніцамі. Разумееце, калі неспакойна побач і танкі пачынаюць перасоўвацца і самалёты лётаць, гэта невыпадкова", — распавёў ён.
Цікава, што перад выбарамі і сам Лукашэнка, і афіцыйныя СМІ найбольш кляймілі Расію, якая спрабуе ўмяшацца ў беларускія выбары праз "Белгазпрамбанк". Да гэтага дадалася гісторыя з затрыманнем 32 расійскіх баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер" у санаторыі пад Мінскам.
Дарэчы, перад паездкай на агракамбінат зранку 21 жніўня Лукашэнка правёў нараду з сілавікамі. На фота, якое апублікаваў Telegram-канал "Пул Першага", бачна, што палову прысутных складалі людзі ў форме АМАПа. паведамляецца, што на нарадзе аналізавалі сітуацыю ў Беларусі і абмяркоўвалі планы дзеяння пры розных сцэнарах развіцця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.