Лукашэнка запатрабаваў разгрузіць склады да 15 верасня
Па яго словах, зробленая прадукцыя павінна ляжаць на прылаўках крамаў, а не на складах.
Зробленая прадукцыя павінна знаходзіцца не на складах, а на прылаўках крамаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня на нарадзе па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі.
Як інфармуе БЕЛТА, на нарадзе была ўзнятая праблема складскіх запасаў прадукцыі і недапрацовак у яе прасоўванні на ўнутраны і замежны рынкі. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб да 15 верасня абсалютна ўся зробленая прадукцыя была пастаўленая ў гандлёвыя сеткі. "З сённяшняга дня павінен быць дыктат не гандлёвых сетак, а вытворцаў", — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама закрануў тэму пасярэднікаў, чые паслугі прымушаюць павышаць кошты на прадукцыю. Таму Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб у рэалізацыі прадукцыі не было ніякіх пасярэднікаў.
Фота: БЕЛТА