Лёгкаатлет Вадзім Дзевятоўскі можа ўзначаліць Федэрацыю хакея
Вядомага малатабойца Вадзіма Дзевятоўскага рэкамендавалі да вылучэння на пасаду старшыні беларускай Федэрацыі хакея.
Ініцыятарам вылучэння 37-гадовага дэпутата парламента на адказную пасаду выступіў хакейны клуб "Дынама-Мінск", інфармуе "Прессбол".
Сам Дзевятоўскі адзначыў, што расцаніў прапанову "як выклік, які прыняў". Былы спартовец кажа, што сочыць за спартыўнымі падзеямі ў краіне і развіццём ледзь не ўсіх відаў спорту.
Нагадаем, што Вадзім Дзевятоўскі — кідальнік молата, прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіянату свету і Еўропы. З 2012 года ён з'яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Фота — ByMedia.net