Лёша Фёдараў: У Беларусі я займаюся выключна мецэнацтвам

Мастак Аляксей Фёдараў у інтэрв'ю Еўрарадыё тлумачыць, чаму, на яго погляд, беларускія СМІ не здольныя пісаць пра сучасную культуру, выказваецца наконт адэкватнасці беларускіх мастакоў і прызнаецца, чаму дагэтуль жыве ў Беларусі. Беларускі мастак Аляксей Фёдараў больш вядомы за мяжой, чым у сваёй краіне. Ужо трэці месяц запар тры дні трэцяга дня кожнага месяца адбываецца яго выстава ў галерэі “Падземка”. Адкрыццё апошняй выставы цыклу, дарэчы, сёння а 18.00. У сваім інтэрв'ю Фёдараў распавядае пра тры ступені развіцця аўтара, тлумачыць, чаму беларускія СМІ не здольныя пісаць пра сучасную культуру, выказваецца наконт адэкватнасці беларускіх мастакоў і прызнаецца, чаму дагэтуль жыве ў Беларусі.

Руся:
Лёша, ты цудоўны мастак, але, на жаль, беларусы невыносна сціпла знаёмыя з тваёй творчасцю. Раскажы пра свае самыя вядомыя работы, калі ласка. Можа, нехта цябе і прыпомніць, хе-хе.

Аляксей Фёдараў: Давай! Я раскажу пра шэсць з іх, бо лічу, што гэта мае найлепшыя работы. Яны канцэптуальныя, візуальныя і цікавяць не толькі нейкую вузка спецыялізаваную на мастацтве групу людзей. Яны падабаюцца ўсім.


“Библия” знаходзіцца ў галерэі “Арсенал” у Беластоку і гэта мая самая вядомая праца.



“Красно-зелёная попка” – гэта праца з серыі “Комната постороннего”, дзе ўсе рэчы ў межах аднаго пакою былі адмыслова чырвона-зялёныя, а замест іконы там быў чырвона-зялёны азадак, які цяпер знаходзіцца ў прыватнай калекцыі Аляксандра Мілінкевіча.



“Небесный эксгибиционизм” – усё зразумела. Неба скідае з сабе плашч. Усё! Гэта сімвалічна і прыгожа. Можна сказаць, што гэта банальнасць, але ж да гэтага трэба дадумацца! Не. Я падумаў і вырашыў, што гэта ніфіга не банальнасць. Не. Не банальнасць! (усміхаецца).



Неяк кампанія “Фольксваген” прапанавала паўдзельнічаць у праекце “Колесо”. У мяне атрымалася простая канцэпцыя. Па-першае – кола ( у некаторых субкультурах менавіта так называюць нейкае псіхатропнае рэчыва). Па-другое, “Фольксваген” – гэта машына для народа, таму “колесо” можа быць лекамі для народу, чаму б і не? ( усміхаецца).



“Potato canvas” – палатно і бульба. Акрамя таго, што палатно нацягваюць на падрамнік, на ім малююць алеем і гэта становіцца мастацкім творам, з яго яшчэ робяць мяхі для бульбы. Шмат якія мастакі малявалі на радне ў часы СССР. Пра гэта я і распавёў ў гэтай інсталяцыі : тры стадыі пераўтварэння мяшка для бульбы ў палатно. Фішка інсталяцыі яшчэ была ў тым, што я хацеў прадаць грашовай эліце Беларусі мяшок бульбы за тры тысячы еўра. Ніхто, праўда, не набыў, бо беларусы добра ведаюць кошт бульбы (смяецца).



Большую колькасць сваіх работ я называю на ангельскай мове. Як гэтую – “Red Action”. Чаму я гэта раблю? Я хачу вырваць свае працы з пост-савецкага кантэксту, і з ангельская мовай мне прасцей пазбягаць залішніх канатацый. Тым больш, я шмат выстаўляюся па свеце і ангельская мова тут працуе на маю карысць. Гэтая праца – адсылка да нейкага помніка. Хутчэй за ўсё, да помніка Леніну. Ці да чалавека, які скончыў жыццё самагубствам. Адным словам, гэта мая рэфлексія на сучасную рэальнасць, якая замацаваная адмысловым вопытам майго жыцця да 1991 году.



На мой погляд, творчасць сучаснага аўтара трымаецца на трох амплуа.

Гэта аўтар-глядач, аўтар-містык і аўтар-маг. Адразу скажу, што магаў у нас няма наогул. Зараз патлумачу.
Аўтар-глядач – гэта самы распаўсюджаны тып аўтараў на Беларусі. Такі аўтар нешта стварае і сам гэтым любуецца, інтэрпрэтуе і суадносіць з наваколлем.
Аўтар-містык – гэта я. Гэта чалавек, які можа стварыць нейкую мастацкую легенду, “замут” (усміхаецца.) Эпатаж, ды што заўгодна. Нешта такое, што не крытыкуюць іранічна. Беларускія крытыкі дык увогуле ні іранізаваць, ні крытыкаваць не могуць. Яны рэфлексуюць з агрэсіяй. Таму што
а) – яны гэтага не разумеюць.
б) – яны “бээээээээээээээ”.

Р.: Ды ладна! Няўжо ўсім ніхто не піша пра мастацтва?

А.Ф.: Блін. Ну назаві мне хаця б адно прозвішча беларускага мастацтвазнаўцы, тэксты якога можна было б недзе прачытаць! Няма такіх.
Ёсць некаторыя персаналіі, якія робяць нейкія “замуты”, запрашаюць нейкіх людзей, кагосьці з кімсьці зводзяць, стрэлачнікі такія (усміхаецца). Яны сядзяць і пераключаць стрэлкі: прыехаў той, трэба яго пазнаёміць з тым, ха-ха-ха. У прынцыпе, мастацтвазнаўца – гэта такі чалавек, які шмат ездзіць па свеце і ведае нейкіх людзей. Аўтар сам не можа сабе рэкламаваць, бо аўтар звычайна эгаіст і такой працай займацца не будзе. Гэта праца мастацтвазнаўцы. Нашыя ж наўпрост пераключаюць стрэлкі, каб па максімуме выціснуць са сваіх знаёмстваў унутры краіны. Ніхто нікуды не ездзіць, ніхто нічога не ведае – і таму крытычных тэкстаў у Беларусі няма. Зусім няма. Я, прынамсі, ніколі нічога яшчэ такога не чытаў.Бліжэй да магаў. Як я казаў, у нас магаў наогул няма, але я імкнуся да гэтага. Вось зацікавіўся зараз рэлігіяй, каб правесці адпаведны эксперымент. Калі гэта атрымаецца, я стану лічыць сабе магам (усміхаецца.)



Зараз я працую над праектам, які будуецца на канцэпцыі духоўнасці ў кантэксце сучаснага чалавека.

Чалавека, які тусуецца па клубах, які стаў “ахвярай заходніх каштоўнасцяў, што разбэшчваюць душу” (усміхаецца.) Мэта маёй інсталяцыі – зрабіць з нейкага вялікага клуба падабенства царквы ў межах сучаснасці. Напрыклад, абсіда – гэта сцэна з дыджэйскім пультам. Нейкія металічныя канструкцыі і канаты стануць імітацыяй сводаў гатычнага сабору. Будуць месцы для вітражоў і шмат маіх работ на тэму духоўнасці.

Р.: Гэта жудасна дорага. Дзе ты знойдзеш грошы?!?

А.Ф.: Гэта вельмі цікава, таму грошы знойдуцца самі.
Нядаўна я быў у каталіцкай царкве, каб атрымаць духоўную практыку. Веды рэлігійныя у мяне, безумоўна, ёсць, а вось практыкі няма. Але ў мяне нічога не атрымалася, бо атмасфера месца і інтэлект людзей, да якіх я звярнуўся, не адпавядаў маім патрэбам і чаканням.

Р.: Паспрабуеш пабудаваць свой храм?

А.Ф.:
Не. Свой храм я, вядома, не будую, але спрабую сфармуляваць ідэю “новага храму” , які , спадзяюся, будзе цікавы не толькі мне, але, магчыма, стане прэтэнзіяй на нейкую новую духоўнасць у сучаснай культуры.


Пытанні духоўнасці ёсць паўсюль, але ў Беларусі асядае ўсё самае найгоршае.

Вось чаму мне так падабаецца тут працаваць часцей за ўсё? Часам, праўда, у мяне бываюць прыступа панікі і я хачу ўцячы адсюль, але, калі я вяртаюся дамоў, я пачынаю фіксаваць нейкія рэчы, якія вылучыць у любой іншай краіне немагчыма. Вось у Беларусі заганы чалавецтва вельмі кантрасна вылучаюцца на фоне чалавечай маралі, таму мяне так і цікавіць тэма духоўнасці.

Р.: Ты шмат дзе ездзіш з выставамі і ведаеш розных мастакоў, скажы, чым адрозніваюцца беларускія мастакі ад усіх астатніх?

А.Ф.: Гэта вельмі проста:

1. Ніхто з іх нічога не разумее з першага разу. Пра беларускіх мастакоў, якія загніваюць, можна гаварыць доўгі час. Лепш адразу зачытаць спіс. То бок усіх!

2. Выключна мастацтва іх не цікавіць. Іх цікавяць грошы і папулярнасць у межах беларускай культуры, але ні першае, ні другое немагчыма. Калі нават нехта і папулярны, то гэта танная папулярнасць, якую стварылі беларускія СМІ, якія, вядома, не вылучаюцца прафесіяналізмам. Зусім ніякім. Зусім.

Ну вось СМІ. Глядзі, у мяне было шмат выстаў у Мінску. Вельмі шмат. Да мяне прыходзяць журналісты з журфаку. Тэма мастацтва ў іх амаль не выкладаецца. Дык вось, чалавек ні разу не быў на маёй выставе, але напісаў пра маю экспазіцыю такі выдатны артыкул! Мммммм! Дзіва!

Ведаеш, як пішуць? Альбо гэта “хвалебныя оды”, альбо “ быў на выставе. Глядзеў. Нічыво не поняў. Ня знаю, а чом пісац.” І ўсё. У мяне былі праекты, калі я да кожнай работы пісаў па тэксту тлумачэнняў. Не разумееце, дык пачытайце! Некаторыя чыталі і дзякуючы гэтаму мяне хаця б крыху разумеюць.


Але ў Беларусі быць вядомым немагчыма.

Калі б я жыў у іншай нейкай краіне, мяне б ужо на вуліцах пазнавалі. Тут я кожны раз распавядаю наноў пра ўсе свае выставы. Якая тут папулярнасць, калі мая краіна – гэта краіна плётак?

У Беларусі сувязь паміж мастаком і гледачом ледзь-ледзь існуе, таму яе трэба будаваць самастойна. Мне ў гэтым дапамагаюць перфомансы і акцыі. З беларусамі мастак мусіць размаўляць жорстка. Трэба падысці да кожнага і стукнуць па башцы – тады, магчыма, ў ёй нешта заварушыцца, ён паглядзіць і скажа: “Так! Магчыма, гэта і цікава! Магчыма, я схаджу на выставу і пагляджу!”.

Так будуецца культурная машына. Вядома, гэта няправільна, але і гэтаму ёсць свае сацыяльна-палітычныя тлумачэнні. Глядач не разумее мастака, таму што яму раней нічога не паказалі і не патлумачылі, а мастак не разумее гледача, таму што ён сам нічога не разумее.

Вось, скажам, зараз у мяне будзе шмат праектаў у іншых краінах, куды хацелі б трапіць і іншыя беларускія мастакі, але ж іх туды не запрашаюць і нават выстаўляюць прэч. Такія мастакі ў Беларусі лічацца крутымі, яны ходзяць з выглядам “ Ды я самы круты і п…ц!”, але ж замежныя галерэі прапануюць ім прадаваць свае шэдэўры на вулічных базарах. Ай… Складана гэта ўсё. Мне вось не хапае масавасці. У Мінску трэба ўсіх сабраць, пастроіць у лінейку і патлумачыць усе дэталі экспазіцыі. Але нашыя людзі не цікавяцца мастацтвам. Яны занятыя нейкімі сваімі справамі.



Я ўвогуле не разумею, навошта мне гэта трэба. Так… Займаюся ў Беларусі выключна мецэнацтвам, чырвоны культурніцкі крыж нейкі.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі