Людзі пакідаюць шпіталь у Газе з белымі сцягамі. Засталіся ляжачыя і немаўляты

Шпіталь "Аш-Шыфа" ў Газе

Шпіталь "Аш-Шыфа" ў Газе / AFP

Палестынцы пакідаюць шпіталь "Аш-Шыфа" з белымі сцягамі, перадае карэспандэнт BBC са спасылкай на сваю крыніцу ў рэгіёне. У шпіталі, які ўсю ноч знаходзіўся пад абстрэламі, усё яшчэ застаюцца леглыя хворыя.

"Мы з паднятымі рукамі неслі белыя сцягі. Мінулая ноч была вельмі цяжкай. Грукат выбухаў і стральбы быў жудасны. Бульдозеры пакінулі ў двары шпіталя велізарныя ямы і знеслі некаторыя пабудовы. <...> Шпіталь эвакуяваны, засталіся толькі леглыя хворыя і невялікая колькасць лекараў", — расказаў BBC журналіст Хадэра Аль Заануна, не ўдакладніўшы, якое медыя ён прадстаўляе.

Міністэрства аховы здароўя сектара Газа (яго кантралюе ХАМАС) таксама заявіла, што ранкам суботы са шпіталя выйшлі сотні людзей. Па іх дадзеных, апроч леглых хворых, ва ўстанове застаюцца неданошаныя немаўляткі, якім патрэбна лячэнне ў стацыянары.

Ізраільскія вайскоўцы сказалі, што не патрабавалі эвакуацыі, але пагадзіліся дапамагчы ў адказ на просьбу дырэктары шпіталя.

"Сёння ўранку ЦАХАЛ задаволіў просьбу дырэктара шпіталі "Аш-Шыфа" даць магчымасць жыхарам Газы, якія знаходзяцца ў шпіталі і хочуць эвакуявацца, зрабіць гэта па бяспечным маршруце. Медычны персанал застанецца ў шпіталі для аказання дапамогі пацыентам, якія не могуць эвакуявацца. Уначы ЦАХАЛ перадаў шпіталю дадатковае харчаванне, ваду і гуманітарную дапамогу", — гаворыцца ў заяве ізраільскіх вайскоўцаў.

ЦАХАЛ ўжо некалькі дзён праводзіць аперацыю ў шпіталі "Аш-Шыфа" на поўначы сектара Газа. Па версіі Тэль-Авіва, пад шпіталем месціцца камандны пункт ХАМАС. Ізраільскія вайскоўцы заяўлялі, што знайшлі на тэрыторыі шпіталі целы двух закладнікаў, якіх тэрарысты выкралі 7 кастрычніка. BBC адзначае, што пакуль не было прадстаўлена доказаў таго, што камандны пункт баевікоў сапраўды знаходзіцца пад "Аш-Шыфа".

Раней Ізраіль неаднаразова заклікаў эвакуяваць персанал і пацыентаў "Аш-Шыфа" на поўдзень сектара Газа. Але лекары кажуць, што шмат якіх хворых папросту немагчыма транспартаваць — як і пакінуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі