Лыжнік Далідовіч збірае грошы на Алімпіяду праз краўдфандынг
Вядомы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч абвясціў збор сродкаў для ўдзелу ў зімовай Алімпіядзе 2018 года. Збор сродкаў адбываецца на краўдфандынгавай платформе "Талака".
44-гадовы спартовец патлумачыў, што яго не ўключылі ў нацыянальную зборную палічыўшы занадта старым. Далідовіч удзельнічаў пад сцягам Беларусі ўжо ў шасці Алімпіядах. Цяпер ён хоча паспрабаваць свае сілы ў сёмай.
"На працягу апошніх 25 гадоў я з'яўляюся найлепшым лыжнікам Беларусі. На маім рахунку ўдзел у шасці Алімпіядах, пачынаючы з самай першай, у якой Беларусь прымала ўдзел як самастойная дзяржава — у Лілехамеры ў 1994 годзе. Узімку я хачу паехаць на сваю сёмую Алімпіяду, і для гэтага я збіраю грошы на Talaka.by", — напісаў Далідовіч у Фэйсбуку.
Для ўдзелу ў Алімпіядзе яму неабходна сабраць 30 тысяч рублёў. Далідовіч адзначае, што на кожнай Алімпіядзе (акрамя Ванкувера-2010) ён выступаў лепш, чым на папярэдняй.
Лыжнік кажа, што яго спартовай пенсіі ў 350 рублёў хапае на транспарт і харчаванне. А каб трапіць на Алімпіяду, неабходна прайсці некалькі горных збораў за мяжой. Для гэтага ён і збірае 30 тысяч рублёў. "Гэтую суму неабходна сабраць да пачатку кастрычніка", — удаклядняе ён.
Пра ўсе этапы падрыхтоўкі спартовец абяцае распавядаць на сайте і ў сацсетках.