Мацюшэўскі прапанаваў беларускім прадпрыемствам навучыцца канкураваць

Мацюшэўскі прапанаваў беларускім прадпрыемствам навучыцца канкураваць

Беларускія прадпрыемствы мусяць навучыцца канкураваць. Пра гэта першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі паведаміў на выніковай калегіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, гэтае пытанне стаіць вельмі востра. Ён прапанаваў навучыць прадпрыемствы канкураваць, "а не выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс міністэрстваў або выканкамаў". Наяўнасць бар'ераў, у тым ліку адміністрацыйных, адбіваецца на канчатковай цане для спажыўца і стварае дадатковы ціск на інфляцыю. "Мясцовы і ведамасны пратэкцыянізм, дырэктыўнае абмежаванне канкурэнцыі, прыняцце дзяржаўнымі органамі некарэктных рашэнняў павінна быць выкараненае. Прычым пажадана як мага хутчэй", — дадаў першы віцэ-прэм'ер.

Разам з тым Мацюшэўскі заявіў, што інтарэсы нацыянальнай бяспекі могуць стаяць вышэй за канкурэнцыю. "Гэта нармальна, калі на асобных стратэгічных дзяржаўных рынках адсутнічае канкурэнцыя або яна штучна абмежаваная", — выказаў меркаванне чыноўнік. Але гэтае пытанне патрабуе больш глыбокага вывучэння. 

Першы віцэ-прэм'ер лічыць, што пры рынкавым коштаўтварэнні неабходна выбудаваць празрысты механізм працы з манапалістамі і арганізацыямі, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку. Ён паставіў перад Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю задачу сфармуляваць зразумелыя, навукова абгрунтаваныя методыкі фарміравання коштаў і тарыфаў. 

Асобнай увагі, на думку Мацюшэўскага, заслугоўвае пытанне павышэння эфектыўнасці дзяржаўных закупак. Паводле статыстыкі, больш за 70% дзяржзакупак у каштоўнасным выяўленні ажыццяўляецца з адной крыніцы, то бок не на канкурэнтнай аснове. "З нашага пункту погляду, гэта непрымальна", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі