Магілёўскі школьнік знайшоў на гарышчы антынямецкія ўлёткі 1941 года (фота)

Вучань 9-га класа сярэдняй школы № 6 Магілёва Аляксей Давыдаў знайшоў у вёсцы Сныткі Бялыніцкага раёна антынямецкія ўлёткі 1941 года. Яны ляжалі ў куфэрку на гарышчы дома, у якім жыла прабабуля. Знаходкі хлопец прынёс у школу, дзе паказаў сваім настаўнікам, піша mycity.by.

Аказалася, што на першай улётцы перакладзены на нямецкую мову зварот да савецкага народу Іосіфа Сталіна ад 3 ліпеня 1941 года. У ім ён распавядае пра цяжкі стан на фронце, а таксама заклікае савецкі народ ісці наперад да перамогі, на другой — аповед пра чатырох нямецкіх лётчыкаў, якія адмовіліся ваяваць супраць СССР пад Кіевам і перайшлі на бок Савецкага Саюза, трэцяя ўлётка ўтрымлівае зварот да салдат вермахта, у якім заклікае спыніць вайну і перайсці на бок СССР. Агітацыйную прадукцыю найхутчэй скідалі савецкія самалёты.

Па словах магілёўскіх гісторыкаў, улёткі з’яўляюцца ўнікальнымі і ў бліжэйшы час будуць перададзены ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.

Фота: mycity.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі