Маладое беларускае кіно: крэатыўны старт у гета?

На кінафестывалі "Лістапад" сёлета ўпершыню прайшоў конкурс нацыянальнага кіно. Узнагароду за "Лепшы дакументальны фільм" атрымалі стужкі "Скрыжаванне" Анастасіі Мірашнічэнкі і "Афганістан. Я памятаю" Халімы Хасанавай. Лепшым анімацыйным фільмам стала "Ронда Капрычыёза" Ігара Воўчака. Некалькі фільмаў, у тым ліку, і гульнявая кароткаметражка "Баба, Ваня і каза" Дар’і Юркевіч, атрымалі адмысловыя дыпломы конкурсу.

"Усё застаецца нязменным: у нас даволі моцная дакументалістыка і анімацыя і па-ранейшаму праблемы з ігравым кіно, — канстатуе Ігар Сукманаў, кінакрытык і дырэктар праграм ігравога кіно фестывалю "Лістапад". — І нацыянальны конкурс гэта ўсё прадэманстраваў. Але з іншага боку, ён паказаў, што ў нетрах нашых ініцыятыў і кінематаграфіі ёсць дастаткова адораныя маладыя людзі, якія дэманструюць існуючы патэнцыял, але пакуль што не ў стане гучна заявіць пра сябе".

У постфестывальных водгуках з'явіліся меркаванні, што вынас беларускіх фільмаў у асобны конкурс, такое беларускае гета, сведчыць пра іх неканкурэнтаздольнасць. З гэтым часткова згодны і Ігар Сукманаў:

"Мы выдатна ведаем, што наш кінематограф на сённяшні дзень не настолькі моцны. То бок, яму вельмі складана канкураваць з працамі, якія маюць устойлівую рэпутацыю. А фестываль, у межах асноўных конкурсных праграм, усё ж робіць стаўку на фільмы, у якіх ёсць ужо шлейф узнагарод і рэпутацыя. З гэтага пункту гледжання сапраўды няма сэнсу выстаўляць працы, якія будуць заведама прайграваць. Але гэта не кажа пра тое, што ў нас кіно вельмі кепскае. Не. Мы вышукваем цікавыя працы, спрабуем іх заявіць. Гэта як прыступка, за якой будзе іншая, вышэйшая".

На думку культуролага і кінакрытыка Максіма Жбанкова, новае беларускае кіно знаходзіцца ў стадыі крэатыўнага старту і збольшага падобнае да дэкларацыі аб намерах. То бок, маладыя рэжысёры засвойваюць пэўную тэхніку і шукаюць новыя канцэпцыі і арыенціры таго, што і як рабіць. Адпаведна, іх цяпер не цікавіць тэма вайны, характэрная для беларускага кінематографа ўвогуле:

“Моладзь, як, дарэчы, і паўсюль, і ў гэтым плане мы амаль еўрапейцы, цікавіцца экзістэнцыйнымі пытаннямі: хто я? навошта я? куды іду? на што магу разлічваць? Таму і кіно збольшага атрымліваецца калі не лірычнае, прысвечанае прыватным эмоцыям і асабістым сітуацыям, то праблемнае, звязанае, хутчэй, з сітуацыямі сацыяльнага неспакою”.

Прыклад новага беларускага кіно на “Лістападзе” — фільм “Баба, Ваня і каза” Дар’і Юркевіч, былой студэнткі французскай школы-студыі Ле Фрэнуа. У 15-хвілінным камерным фільме Дар’я распавядае пра жыццё бабы Сімы, якая жыве з сынам-алкаголікам Ванем і казой.

“Я раблю тое, што ідзе ад сэрца, — гаворыць Дар’я. — Гэтая гісторыя, напрыклад, “Баба, Ваня і каза”, прыйшла да мяне ў сне. Я не буду казаць за ўсіх, якое кіно цяпер патрэбнае Беларусі, але мне здаецца, што цяпер іншы глядач, яго нельга падмануць, бо ёсць інтэрнэт, фестывалі, цікавыя фільмы, людзі ездзяць за мяжу, яны шмат чаго бачаць. Цяпер нельга паказваць фільмы, зробленыя на нізкім узроўні і казаць, што гэта высокае мастацтва. Фільмы павінны быць добрыя. Яны павінны кранаць. Таму што ўжо нікога не абдурыш”.

Альтэрнатывай “Лістапада” стаў варшаўскі фестываль “Bulbamovie” (абодва фэсты адбываюцца ў восенню), які цягам апошніх чатырох гадоў збірае пад сваім дахам беларускіх незалежных кінематаграфістаў і праводзіць свой конкурс. Праўда, абодва фэсты маюць адну і тую ж праблему: звальваюць у кучу беларускую прадукцыю, не дзелячы яе на намінацыі, што таксама сведчыць пра нявызначаную сітуацыю ў айчынным кіно.

Паглядзець новыя беларускія фільмы ў інтэрнэце пакуль немагчыма. Бо многія з іх плануюць яшчэ праехацца па фестывалях, а выкладваць кіно ў агульны доступ па правілах фэстаў забаронена. Адзіны конкурсны фільм, які паглядзелі беларусы ў кінатэатрах і які нават стаў самым касавым айчынным фільмам (яго паглядзелі больш за 5 тысяч чалавек і ён сабраў 147 мільёнаў рублёў), — “Белыя Росы. Вяртанне”. Тым не менш, беларускія “лістападаўскія” фільмы цягам года звычайна ідуць у кінатэатрах. Праўда, каб на іх патрапіць, трэба ўважліва сачыць за праграмай, кажа Вольга Багаварава, кіраўнік аддзела рэпертуарнага планавання “Белкінавідэапраката”:

“Дык яны паказваюцца круглы год! Але паказваюцца на пэўных мерапрыемствах, таму што экранны час для іх таксама трэба знайсці і запрасіць рэжысёра. У нас працуе цэлая сістэма кіналекторыяў. Гэтая машына дае магчымасць школьнікам, студэнтам і зацікаўленым гледачам убачыць самае цікавае”.

Што тычыцца тэлеканалаў, то асаблівай увагі да беларускай кінапрадукцыі, прадстаўленай на “Лістападзе”, яны не праяўляюць.

“Прапаноў звязацца з аўтарамі і атрымаць нейкія кантакты ў дырэкцыю не паступалі", — рэзюмуе Ігар Сукманаў.

Нагадаем, XXI Міжнародны кінафестываль “Лістапад” праходзіў у Мінску з 7 па 16 лістапада. Трыумфатарам форума стала стужка ўкраінскага рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага “Племя”.

Фота: www.listapad.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі