Марш Прыгожына з Асіповічаў да Мінска зойме нават менш за 5-6 гадзін — Падаляк

Вагнераўцы / ТАСС
Вагнераўцы / ТАСС

У Беларусь прыйдзе вельмі невялікая колькасць вагнераўцаў. Такое меркаванне ў гутарцы з журналістамі сайта "Зеркало" выказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

"Гэта камандны склад — перш за ўсё, інструктары, гэта найбольш рэдкія прафесіі, якія змогуць чамусьці навучаць або беларускі спецназ, або трохі беларускае войска. Але колькі іх там? 500—1000—1500 чалавек", — кажа Падаляк.

На яго думку, Лукашэнка не дазволіць захавацца ПВК "Вагнер" у поўным аб'ёме і дыслакавацца на тэрытороыі Беларусі, бо баіцца ўнутраных пераваротаў: "Пагатоў перад вачыма ў Лукашэнкі канкрэтны прыклад выхаду з падпарадкавання — калі, здавалася б, Прыгожын з'яўляецца ледзь не плоццю ад плоці пуцінскай вертыкалі, — і поўнае абнуленне рэпутацыі Пуціна цягам 24 гадзін".

Падаляк дадае, што ў Беларусі вагнераўцы не будуць атрымліваць таго фінансавання, якое яны мелі ў Расіі. Напярэдадні Пуцін прызнаў, што ПВК "Вагнер" цалкам фінансавалася з дзяржбюджэту РФ.

"Калі ўзяць базы ПВК Вагнера ў Беларусі, то пад якія задачы і хто фінансуе? Расія дакладна не будзе гэта фінансаваць, бо страх ён і ў Афрыцы страх, асабліва перад Прыгожыным, асабліва перад [заснавальнікам і кіраўніком ПВК Дзмітрыем] Уткіным — тым чалавекам, які насамрэч распрацоўвае гэтыя аперацыі і вядзе аперацыйную дзейнасць ПВК Вагнера. У Расіі гэты страх будзе вельмі і вельмі высокі. Фінансаваць яны свой жа ўласны страх дакладна не будуць", — упэўнены Падаляк. Не будзе фінансаваць іх і Лукашэнка, мяркуе ён.

Тым больш, што і кантраляваць вагнераўцаў беларускі кіраўнік таксама не зможа, мяркуе Падаляк. Таму, па яго словах, вагнераўцы ў Беларусі наўрад ці застануцца ў нейкім вялікім лагеры, хаця і ведае пра абсталяванне лагера пад Асіповічамі. "Гэта, хутчэй, будуць офісы ў Мінску, якія будуць дазваляць знаходзіцца пэўнай частцы каманднага складу. Але гэта, напэўна, будуць яшчэ і трэніровачныя лагеры, напрыклад, у той жа Мар'інай Горцы, дзе часткі спецназу і дзе будуць праводзіцца пэўныя трэнінгі інструктараў ПВК Вагнера для беларускіх спецназаўцаў", — разважае ён.

На думку Падаляка, Лукашэнка не дазволіць сабрацца ў адным лагеры 5-6 тысячам вагнераўцаў, якія не будуць яму падпарадкоўвацца. "Лукашэнка разумее, што ў нейкі момант у іх можа там з галавой нешта зноў адбыцца, і яны палічаць, што ён не з'яўляецца належным лідарам Беларусі, і маршам высунуцца на Мінск. Я, шчыра кажучы, не зусім уяўляю, што будзе рабіць Лукашэнка, калі такая ж сітуацыя, як у Маскве, адбудзецца ў Мінску. І тут Масква ж наўрад ці ўмяшаецца. Перагаворшчыка адтуль дакладна не будзе. А марш Прыгожына з Асіповічаў і, дапусцім, да Мінска зойме нават менш за 5-6 гадзін", — кажа Падаляк.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі