Марыі Калеснікавай выставілі канчатковае абвінавачванне
Расследаванне крымінальнай справы Марыі Калеснікавай завершанае, ёй выставілі канчатковае абвінавачванне, паведамляюць яе паплечнікі. Летась яе падазравалі ў "закліках да захопу ўлады", пасля абвінавацілі ў закліках "да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт" (ч. 3 арт. 361 КК). Цяпер жа Калеснікаву абвінавачваюць па трох артыкулах. Гэта згаданыя дзеянні на "шкоду нацыянальнай бяспецы", "змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК) і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім" (ч. 1 арт. 361-1). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Марыя Калеснікава летась была ў камандзе Віктара Бабарыкі, якога ў чэрвені арыштавалі і не дапусцілі да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах (у нядаўнім звароце яна заявіла, што "ні на секунду" не шкадуе аб далучэнні да штабу Бабарыкі). Тады яна дапамагала весці агітацыйную кампанію Святлане Ціханоўскай, ездзіла з ёй па Беларусі, выступала на мітынгах. У верасні 2020-га пасля выкрадання ў Мінску Калеснікаву спрабавалі вывезці ва Украіну, але яна на мяжы парвала свой пашпарт. Пасля гэтага яе вярнулі ў сталіцу і ўзялі пад варту. Ад таго часу Марыя Калеснікава знаходзіца за кратамі, прызнаная палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.