Мас-старт на чэмпіянаце свету па біятлоне выйграў Ёханэс Бо
У нарвежскім Халменколене завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне. Апошнім спаборніцтвам быў мас-старт сярод мужчын — гонка на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі.
Золата выйграў прадстаўнік гаспадароў — нарвежац Ёханэс Бо: ён зрабіў адзін промах і паказаў вынік 37 хвіл. 05,1 сек. Срэбраны медаль дастаўся лідару агульнага заліку Кубка свету французу Мартэну Фуркаду: ён таксама зрабіў адзін промах і саступіў чэмпіёну 2,8 сек. На трэцім месцы апынуўся Уле-Эйнар Б'ёрндален: ён адстраляўся без промахаў, але саступіў пераможцу 6,7 сек.
Беларус Уладзімір Чапелін фінішаваў 13-м. Наш суайчыннік зрабіў два промахі на стрэльбішчы і саступіў чэмпіёну 56,1 сек.
Агулам у гонцы ўдзельнічалі 30 біятланістаў.