Мастак супраць “Камунаркі”

Мінчук Уладзімір Шаркоў падаў іск на ТАА “Камунарка” ў камісію па патэнтных спрэчках па аўтарскіх і смежных правах пры Вярхоўным судзе Беларусі з патрабаваннем выплаціць 25 мільёнаў беларускіх рублёў. Ён нават пагаджаецца атрымаць іх цукеркамі, каб раздаць у дзіцячыя дамы. Нагадаем, што мастак Уладзімір Шаркоў на Камароўскім рынку выпадкова ўбачыў свой малюнак на каробцы цукерак “Камунаркі” — “Шакаладныя купалы” .

Ён кажа, што раней з ім здараліся выпадкі такога кшталту. Але ўсе яны вырашаліся паспяхова ў дасудовым парадку шляхам перамоваў, а вось такі выпадак у яго першы раз у жыцці. Распавядае Уладзімір Шаркоў:

“Я быў у поўным замяшанні. У мяне, вядома, крадуць мае малюнкі. Але каб так нахабна! Я быў у замяшанні: з аднаго боку прадаваць свой малюнак я нікому не планаваў, нікому яго не перадаваў, а тут — бац, ён красуецца!


Пры гэтым на цукерках няма ніякага нагадвання пра аўтара гэтага малюнка. Аўтарскі надпіс шляхам дызайнерскай апрацоўкі быў выразаны і не трапіў у поле выявы.


Паводле закону, відавочныя 3 варыянты парушэнняў: узнаўленне без дазволу аўтара, скажэнне арыгінальнага малюнка і атрыманне прыбытку”.

Як кажа спадар Шаркоў, “Камунарка” прызнала, што здарыўся “непрыгожы” выпадак. І нават прапанавала падпісаць ліцэнзійную дамову. Але акрамя прапановы нічога не было. На пытанне, як гэты малюнак апынуўся у “Камунаркі”, мастак адказаў:

“Нанёс да іх візіт і пакінуў дэманстрацыйны камп’ютарны дыск. І нейкім чынам я не даглядзеў, і на гэтым дыску апынуўся файл, які быў добрай якасці. Год ад “Камунаркі” нічога не было чуваць. Я пачаў забывацца на гэтую размову.


Пасля раздаўся тэлефонны званок. Тэлефанавала мне начальнік аддзелу ўпакоўкі Вольга Галіцына са словамі, што яны абмяркоўваюць адзін з варыянтаў каробкі з маім малюнкам. Я растлумачыў ёй, што не запярэчваю.


Пытанне аплаты тады прапаноўвалася на іх меркаванне. Адзінай маёй умовай было абавязковае заключэнне дамовы.


Пасля гэтай размовы, якая адбылася ў пачатку 2006 году, да майго знаходжання ў жніўні каробкі з маім малюнкам у продажы, мяне ніхто не турбаваў і не ставіў у вядомасць”.

Судовае паседжанне для мастака не пройдзе без стратаў. Пошліна ў памеры 10 адсоткаў ад запатрабаванай сумы (2,5 мільёна беларускіх рублёў) ужо пералічана ў бюджэт. Але, нягледзячы на гэта, Уладзімір Шаркоў не збіраецца спыняцца.


Пасля першага ж судовага паседжання мастак плануе павялічыць суму іску: патрабаваць кампенсацыі маральнага ўрону як аўтар. Па яго словах, тое, што ён робіць, ужо носіць больш прынцыповы характар:

“Я яшчэ прапаноўваў варыянт спагнання з “Камунаркі” не грашыма, а цукеркамі — на суму майго іску. “Камунарка”, дарэчы, ад гэтага таксама адмяжоўваецца: яна і цукеркамі не хоча са мною разлічвацца. І


гэтыя цукеркі я збіраўся раздаць па маламаёмасных сем’ях і дзіцячых дамах. Мне ад “Камунаркі” патрэбны толькі адзін варыянт — каб са мною была падпісаная дамова. Якая будзе сума ў маёй (ці яшчэ нечай) кішэні — не мае ніякай розніцы”.

Але на самой “Камунарцы” сумняваюцца ў аўтарстве гэтага малюнка, і нават звярнуліся да мастацтвазнаўцаў. Распавядае начальнік аддзелу ўпакоўкі ТАА “Камунарка” Вольга Галіцына:

“Мы задалі пытанне Беларускаму нацыянальнаму мастацкаму музею. Адтуль нам далі пісьмовы адказ, што гэтая праца не з’яўляецца ідэнтычнай.


Такім чынам, тое, што ў нас знаходзіцца на каробцы, і малюнак Уладзіміра Шаркова — не адно і тое ж. Дакладна сказаць, што гэта на самой справе яго малюнак, на сённяшні дзень немагчыма.


Я не магу сказаць, што гэта яго карціна, таму што я асабіста нічога з яго малюнка не перамалёўвала. Нам гэтую каробку друкавала віленская друкарня. І яны намалявалі гэтыя купалы, выгляд нашага гораду.


Вазьміце любую паштоўку ці фатаздымак. Скажам так: у нас, у Мінску, мала месцаў, якія настолькі пазнавальныя”.

Фота — www.kommunarka.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі