Медыкаў адпраўляюць у калгасы збіраць буракі і моркву

"Маці на працы ў паліклініцы цэлым аддзяленнем гоняць у калгас на буракі", — чытаю паведамленне ў сацыяльнай сетцы. І гэта вельмі здзіўляе, бо пра студэнтаў, якія ездзяць на бульбу, ведаюць усе, а пра медработнікаў чую упершыню.

Да таго ж, літаральна тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, акцэнтаваў увагу на тым, што на вёсцы работнікаў перабор!

"У нас у многіх калгасах праблема лішка працоўнай сілы".

А тут людзей (медыкаў!) адпраўляюць дапамагаць у барацьбе за ўраджай. Прычым, у адрозненне ад студэнтаў, дапамагаць бясплатна.

"Прыходзіць тэлефанаграма з райвыканкама, звычайна з аддзела сельскай гаспадаркі: забяспечыць яўку працоўнага калектыву для дапамогі ва ўборцы", — з усмешкай тлумачаць у Быхаўскай раённай лякарні. Звычайна просяць чалавек па 8-15. Ездзіць на буракі сярэдні медперсанал.

У СПК “Макранскі” тлумачаць, што людзей збірае выканкам, працуюць бясплатна, бо гэта ж “дапамога”.

"Сёлета дапамагалі прыбіраць моркву. Упраўленне сельскай гаспадаркі, бальніца наша, супрацоўнікі дзяржустановаў Быхаўскага раёна, сушыльны завод супрацоўнікаў накіроўвае. Мы агучваем, што сваімі сіламі не спраўляемся, і такім чынам нам не першы год дапамагаюць убіраць. Вы ж зразумейце, штат паляводчай брыгады нашмат меншы, чым палі, якія мы засейваем".

Аказваецца, супрацоўнікаў на прадпрыемстве сапраўды поўны камплект, але іх усё адно не хапае, а наняць болей яны не могуць.

"Мы не можам узяць болей супрацоўнікаў, чым нам належыць па штаце, — тлумачаць у СПК. — Не можам узяць 500 чалавек паляводчай брыгады, калі ў нас агулам павінна быць па штаце 300".

Каб не страціць ураджай, дапамагаюць і супрацоўнікі самога райвыканкама. Ездзяць бясплатна, у асноўным, па выхадных.

"Вы зразумейце якія ў іх аб'ёмы, — тлумачаць у Быхаўскім выканкаме. — Яны садзяць штогод гародніны, такой як капуста, лук, буракі, 60-70 гектараў. Тэхнікі як такой няма, таму даводзіцца прыцягваць людзей".

Раней клікалі школьнікаў і студэнтаў, цяпер толькі супрацоўнікаў арганізацый. Чаму ж не наняць больш людзей у калгас?

"Самі разумееце, патрэбная нейкая аплата. Калі з навучальнай установы прышлюць, то трэба разлічвацца прадукцыяй ці яшчэ нечым", — адказваюць у выканкаме. Бо навучэнцы ў адрозненне ад медыкаў і чыноўнікаў не працуюць задарма.

Калі б такая праблема была у адным калгасе, можна было б падумаць, што гэта проста выключэнне з агульнай прыгожай карцінкі. Але патэлефанаваўшы наўгад у іншую гаспадарку з іншай вобласці краіны, чую такі ж адказ, маўляў, звяртаемся ў райвыканкам, і нам дапамагаюць. Чаму ж не наняць больш людзей?

"А хто пойдзе? Мы і жыллё даём, але ніхто не ідзе. Тут працаваць трэба".

Адмовіцца ад такой дапамогі можна, кажа юрыст, які спецыялізуецца па працоўным заканадаўстве, Сяргей Зікрацкі.

"Калі няма загада і гэта не ўваходзіць у службовыя абавязкі, то можна не ехаць. Прымусіць не маюць права".

Але звычайна ніхто з работнікаў не адмаўляецца, таму і парушэннем закона гэта нельга лічыць, бо едуць “добраахвотна”.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі