Мельянцоў: У аэрапорце Бруселя не адчуваеш сябе ў бяспецы
3 красавіка адкрыўся пасля тэрактаў брусельскі аэрапорт Завентэм. Беларускі палітолаг і аналітык Дзяніс Мельянцоў паспеў злятаць туды і ацаніць меры бяспекі.
Па яго словах, на пад’ездзе да брусельскага аэрапорта стаяць блокпосты, там салдаты разам з паліцыяй выбарачна правяраюць аўтамабілі і падазроных асобаў. Перад КПП збіраюцца чэргі.
“Мы ехалі не ў гадзіну пік, пасярод дня. Але там усё адно ўтварыўся затор. Прыкладна паўгадзіны мы прастаялі, каб проста на машыне пад’ехаць да аэрапорта праз гэты блокпост”.
Але гэты КПП не абсталяваны бетоннымі блокамі для таго, каб, напрыклад, спыніць машыну, нагружаную выбухоўкай, выказвае меркаванне Мельянцоў.
У аэрапорт пускаюць толькі тых, хто мае білеты. На ўваходзе прысутнічае першасны кантроль пасажыраў і багажу. Будынак патрулююць салдаты. Але яны там хутчэй для дэманстрацыі бяспекі, бо стаяць без касак, звяртае ўвагу аналітык і дадае, што меры бяспекі ў параўнанні са стандартнымі, безумоўна, узмоцненыя.
Тая частка, дзе адбываецца дагляд, дагэтуль закрытая. Відаць, таму, што там адбываюцца следчыя дзеянні. Але паралельна пабудаваныя новыя памяшканні, дзе праводзіцца дагляд пасажыраў і іх багажу. Цяпер на тое, каб прайсці ўсе працэдуры ў паветранай гавані, трэба не 2 гадзіны, а мінімум тры.
“Трошкі ведаючы сістэму бяспекі аэрапортаў, у бяспецы я сябе там не адчуваў. Бо ўсе гэтыя праверкі, апроч апошняй, самай грунтоўнай (дзе нават правяралі рукі на наяўнасць часцінак выбуховых рэчываў), былі хутчэй дэманстратыўныя”, — кажа аналітык.
У беларускім нацыянальным аэрапорце Мінск цяпер таксама дзейнічаюць дадатковыя меры кантролю: большая, чым звычайна, колькасць людзей падлягае выбарачнаму пільнаму вобшуку, звяртае ўвагу Мельянцоў. Ён таксама робіць выснову, што наш аэрапорт адпавядае ўсім міжнародным стандартам бяспекі, усе праверкі такія ж самыя, як і ў іншых еўрапейскіх паветраных гаванях.