Мэр Львова пракаментаваў адмову купляць беларускія аўтобусы
Мэр Львова Андрэй Садавы / Hromadske
Мэр Львова Андрэй Садавы пракаментаваў Еўрарадыё рашэнне горада адмяніць тэндар на закупку сотні беларускіх аўтобусаў.
— У такі няпросты час, як сёння ў свеце, вельмі важна падтрымліваць уласнага вытворцу. І хачу верыць, што краіна шмат зробіць крокаў [у гэтым кірунку. — Еўрарадыё]. Вельмі часта тэндарныя працэдуры еўрапейскіх інстытуцый не ўлічваюць вельмі многія нюансы. Таму мы адмянілі гэты тэндар. І я веру, што ў наступным тэндары пераможа ўкраінскі вытворца і будуць створаны дадатковыя працоўныя месцы і будзе больш падаткаў мясцоваму бюджэту.
На ўдакладняльнае пытанне аб тым, ці гэта было выключна эканамічнае рашэнне, ці ўсё ж мае месца ўплыў палітыкі, мэр Львова адказаў так:
— Кожнае рашэнне мае вельмі шмат умоў... Калі б у Беларусі не было вось гэтага голага нерва, гэтай барацьбы — я не ведаю, як бы мы рэагавалі. Проста падзеі ў Беларусі, і вялікая пашана свабоднаму беларускаму народу, падштурхоўвае нас быць уважлівымі... я люблю Беларусь, я б вельмі хацеў, каб Украіна і Беларусь мелі выдатныя стасункі і будуць рабіць для гэтага ўсё магчымае і немагчымае.
Садавы заключыў: ён верыць, што складанасці ў стасунках дзвюх краін з'яўляюцца часовымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.