Mgzavrebi: У Мінск прывязем віно! Усе нашы музыкі яго робяць

1 красавіка ў мінскім клубе Re:Public выступіць самы папулярны грузінскі гурт Mgzavrebi. Дарэчы, менавіта ў гэты дзень лідар каманды Гігі Дадаламазішвілі будзе святкаваць свой Дзень нараджэння. У размове з Гігі мы зрабілі некалькі адкрыццяў. Па-першае, у далёкім 2009-м Mgzavrebi выступалі ў Магілёве на фестывалі "Залаты шлягер", дзе выканалі кавер на "Песняроў". А па-другое, грузіны за мяжой павінны паводзіць сябе добра.

Еўрарадыё: Канцэртам ў Мінску пачынаецца вясновы тур Mgzavrebi. Як звычайна гурт рыхтуецца да тура, што абавязкова бераце з сабой?

Гігі Дадаламазішвілі: Перад турамі мы вельмі шмат рэпетуем і маральна рыхтуемся. А падчас тураў, калі ёсць магчымасць паспаць, то ўсюды спім, асабліва, калі ёсць штодзённыя канцэрты ў розных гарадах. І дзякуй Богу, у гэтым годзе наш тур пачынаецца ў Мінску. Нам вельмі спадабалася ваша публіка, горад, краіна падчас папярэдняй восеньскай паездкі. І, думаю, у вас мы атрымаем добры зарад на працяг тура ў іншых гарадах...

А што мы бярэм з сабой? У першую чаргу сувеніры і віно для нашых сяброў-арганізатараў.

Mgzavrebi прывезлі ў Мінск кавалак Грузіі і новы альбом "In Vino Veritas"

Еўрарадыё: Вы самі займаецеся вінаробствам?

Гігі Дадаламазішвілі: Так, як і ўсе ў Грузіі. Я пакуль яшчэ вучуся, а мой бацька займаецца гэтым кожны год: мы купляем вінаград і робім віно. Усе ўдзельнікі Mgzavrebi гэта робяць. Гэта традыцыя нашай краіны.

Еўрарадыё: Проста так, без тостаў, у вас, напэўна, віно не п'юць?

Гігі Дадаламазішвілі: Так! Нават калі проста два сябры сустракаюцца і пачынаюць піць віно, усё адно кажуць абавязковыя традыцыйныя тосты, якіх да 20-ці. А потым ідзе імправізацыя.

Еўрарадыё: А які самы галоўны грузінскі тост? Самы першы?

Гігі Дадаламазішвілі: Самы першы — за мір і за Бога. Затым ідуць тосты за сям'ю, бацькоў, дзядуляў-бабуль, за нябожчыкаў, за жыццё, дзяцей, за нашага патрыярха, потым за нашу краіну, веру, наш горад і г.д.

Еўрарадыё: Як гэта — прадстаўляць грузінскую музыку за мяжой?

Гігі Дадаламазішвілі: Грузія — маленькая краіна, і, на жаль, пра сучасную грузінскую музыку мала хто ведае. І для нас вялікі гонар, што людзі ў розных краінах трохі знаёмыя з нашай творчасцю. І звычайна мы ўдвая і ўтрая хвалюемся, таму, што не толькі прадстаўляем нашу музыку, але і сваю краіну. З-за сітуацыі, што склалася, людзі да 30 гадоў у многіх краінах слаба ўяўляюць, хто такія грузіны, і не бачылі ў сваім жыцці сучасных маладых грузінаў. Мы прадстаўляем нашу краіну, таму мы павінныя і спяваць добра, і паводзіць сябе добра. Гэта ж вялікая адказнасць: людзі прыйшлі на канцэрт, паслухалі, паглядзелі, як ты сябе паводзіш да канцэрта, падчас і пасля. І калі яны да гэтага не былі ў тваёй краіне і маюць слабае паняцце, якая твая краіна, ты павінен так сябе паводзіць, каб людзям захацелася прыехаць у тваю краіну.

Еўрарадыё: То бок, ніякага рок-н-рольных чаду?

Гігі Дадаламазішвілі: Не, у гэтым няма нічога дрэннага. Рок-н-рольны чад — гэта крута (смяецца). І я люблю рок-н-рол. Але ёсць нейкія моманты, ёсць годнасць, якую ты не павінен пераступіць нідзе, нават у рок-н-роле. Ты можаш пераступіць пэўную рысу і думаць, што гэта рок-н-рол, а на самай справе гэта будзе свінства ці абраза іншых людзей. Калі ты адзін — рабі, што хочаш.

Mgzavrebi: Наш альбом падказвае, як можна Жыць паўнавартасна (аўдыё)

Еўрарадыё: Якая музыка вам цяпер цікавая?

Гігі Дадаламазішвілі: У мяне бываюць перыяды, калі я слухаю шмат музыкі, напрыклад, з раніцы ці ўначы. У цэлым, мне не вельмі падабаецца, што ўся музыка цяпер ідзе да электронікі, і ўсе мае любімыя гурты пачалі выпускаць электронныя альбомы. А так, я люблю Coldplay, Kasabian, цяпер слухаю апошні альбом U2, Alt-J мне падабаецца.

Еўрарадыё: Група Mgzavrebi ўвайшоў у топ-8 самых паспяховых па версіі расійскага часопіса "Time Out". Як вы ставіцеся да славы, ці прыйшлося прывыкаць да гэтага пачуцця?

Гігі Дадаламазішвілі: Слава — гэта таксама вялікая адказнасць і хваляванне для мяне. Першапачаткова, калі нас пачалі пазнаваць, было вельмі цяжка. Калі людзі кажуць цёплыя словы, мне заўсёды хочацца таксама ім адказваць цёпла і з любоўю. І я потым перажываю, ці атрымалася мне гэта зрабіць. Калі шчыра сказаць, што мне падабаецца гэты стан, слава — не. Таму што я заўсёды хвалююся і адчуваю сябе няёмка. У прынцыпе, я б проста пакінуў у сваім жыцці канцэрты (на іх мне вельмі падабаецца), а астатняе б прыбраў і жыў бы нармальным жыццём.

Еўрарадыё: Вы ўдала дэбютавалі на расійскай і ўкраінскай сцэнах, і граеце шмат канцэртаў у гэтых краінах. Ёсць меркаванне, што для поспеху трэба абавязкова прарвацца на Захад.

Гігі Дадаламазішвілі: Мы заўсёды пра гэта думаем. Але ўся праблема ў тым, што на Захадзе ў цэлым пакуль не ведаюць, дзе знаходзіцца Грузія. У шоў-бізнэсе ўсё вырашаюць або вялікія грошы, або кантакты. У нас усё добра з апошнім — мы знаёмімся з правільнымі людзьмі, якія нам дапамагаюць. Але вось пакуль яшчэ не пазнаёміліся ні з кім, хто б нам дапамог патрапіць у Заходнюю Еўропу. Нас клікалі, напрыклад, у Амерыку, але мы адмовіліся, таму што трэба было выступаць перад дыяспарай. А для дыяспары неяк нецікава граць. Для нас важна, каб прыйшла мясцовая публіка, таму што, у адваротным выпадку, атрымліваецца, што ты граеш канцэрт не ў Нью-Ёрку, а ў Грузіі. Праўда, мы, на жаль, вельмі лянівыя, каб самім заняцца пошукамі шляхоў на Захад. Мы проста пішам песні і знаёмімся з добрымі людзьмі, якія нам дапамагаюць.

Еўрарадыё: Ці лёгка ў Грузіі стаць зоркай?

Гігі Дадаламазішвілі: Грузія — краіна вельмі маленькая, і нас усяго толькі 3,5 мільёна. Адпаведна, шоу-бізу, як такога, у нас таксама няма. Артыстаў у нас шмат, а знакамітым стаць можна, калі ты трапляеш у тэлевізар. Калі 6 гадоў таму нас пачалі паказваць па тэлевізары ў папулярных перадачах, тады мы сталі папулярнымі. Але ў нас няма нармальнага музычнага канала, дзе б круціліся кліпы — такія каналы людзі не глядзяць. У асноўным тэлегледачам цікавыя ток-шоў тыпу "Idol". У плане канцэртаў справы таксама ідуць не весела.

Еўрарадыё: А што ж рабіць непапулярным або пачынаючым гуртам?

Гігі Дадаламазішвілі: Яны збіраюць маленькія клубы, куды прыходзіць чалавек 100-150. А пачаткоўцам усё ж цяпер нашмат прасцей заявіць пра сябе. Калі раней, для таго, каб прабіцца, табе трэба было патрапіць на TV або сыграць велізарную колькасць канцэртаў, то цяпер ты проста можаш запісаць песню, зняць кліп на айфон, выкласці яго на фэйсбук — і ты зорка.

Еўрарадыё: У Беларусі, напрыклад, рухаючай музычнай сілай стаў менавіта рок. Адпаведна, у нас шмат рок-гуртоў. Што граюць грузінскія гурты, якая музыка цяпер папулярная ў Грузіі?

Гігі Дадаламазішвілі: У нас таксама калісьці быў папулярны рок, але цяпер усё павар’яцелі на электроннай музыцы. Гэта проста бум! У нас у гэтым плане проста рай. Ёсць добрыя грузінскія дыджэі, да таго ж да нас пастаянна прыязджаюць замежныя электронныя выканаўцы, якія могуць сабраць і 2 тысячы чалавек. Што да іншых кірункаў, то можна сказаць, што з'явілася шмат маладых каманд, якія граюць народныя грузінскія песні, музыку ў нашым стылі. Але калі мы пачыналі, мы былі першымі, хто звярнуў увагу на гэты стыль.

Еўрарадыё: Якіх беларускіх музыкаў вы ведаеце?

Гігі Дадаламазішвілі: Я ведаю і люблю гурт "Ляпіс Трубяцкі". Ведаю, што цяпер "Ляпіс" распаўся на Brutto і Trubetskoy. І яшчэ ведаю, вядома, легендарную каманду "Песняры" і гурт "Беларускія Песняры", з якімі мы аднойчы гралі. Наогул, наша першая паездка за мяжу была менавіта ў Беларусь: мы гралі на фестывалі "Залаты шлягер" у Магілёве. І там, дарэчы, праспявалі свой першы кавер на песню Мулявіна аб другой сусветнай вайне. Нам вельмі спадабалася тады ваша краіна. І потым пасля гэтага заўсёды хацелася сюды вярнуцца. І вось мы пасябравалі з клубам Re:Public. Бо самае галоўнае ў любых адносінах — гэта сяброўства, таму што без дружбы і павагі нічога не атрымліваецца.

Еўрарадыё: Што прывезяце ў Мінск? Ці будуць нейкія прэм'еры?

Гігі Дадаламазішвілі: Думаю, што не. Мы ж усяго 4 месяцы таму выпусцілі цэлы альбом! Мне здаецца, што часта песні выпускаць нельга. Трэба людзям і сабе даць магчымасць усё пераварыць. Але для Мінска будзе ўсё новае, таму што мы ўсяго аднойчы гралі ў вас, а ў нас 5 альбомаў! У гэты раз мы некалькі зменім праграму. Але ў цэлым песні будуць з "In Vino Veritas", "Mzgavruli" і з іншых дыскаў. Дарэчы, 1 красавіка ў мяне Дзень нараджэння. Я буду граць у гэты дзень у Мінску і буду радавацца, што старэю (смяецца).

Фота з сайта гурта: www.mgzavrebi.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі