Мікалай Снапкоў прызначаны паслом Беларусі ў Кітаі
Мікалай Снапкоў прызначаны паслом Беларусі ў Кітаі. Дагэтуль ён быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Кірыл Руды вяртаецца з Пекіна ў Мінск "у сувязі з неабходнасцю ратацыі".
Падчас прызначэння Снапкова Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў новага пасла выдатныя адносіны з кіраўніцтвам КНР. "Яго ведаюць усе", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён чакае "сапраўднага прарыву" ў дачыненнях з Кітаем.
"Рэалізуеце задачы за год — значыць вернецеся, — гаварыў Мікалаю Снапкову Лукашэнка. — За два — значыць два [гады]. Важны вынік".
На наступным тыдні Лукашэнка і Снапкоў сустрэнуцца зноў. Яны абмяркуюць "нюансы будучай працы". Якраз у Мінску будзе Кірыл Руды. Верагодна, і яго запросяць на сустрэчу.
Мікалай Снапкоў выказаў надзею, што КНР паспяхова вырашыць праблему каранавіруса.
Снапкову 50 гадоў. У 2009-2014 гадах ён працаваў міністрам эканомікі, пасля — намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. На апошняй пасадзе яго змяніў Валерый Бельскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.