Мікалай Улаховіч выступіў за выбары мэраў і міліцэйскіх начальнікаў (відэа)

Мікалай Улаховіч выступіў за выбары мэраў і міліцэйскіх начальнікаў (відэа)

У пятніцу, 18 верасня, апошнім з ліку кандыдатаў у прэзідэнты на тэлеканале "Беларусь 1" выступіў Мікалай Улаховіч. Ён спрабаваў выказацца за 30 хвілінаў адразу па ўсіх тэмах і праблемах. У выніку атрымалася даволі тэзісна і павярхоўна. Дзіўна, але чамусьці кандыдат у прэзідэнты неаднаразова згадваў Алега Трусава, старшыню ТБМ, якога называў "заснавальнікам БНФ" (чатыры разы "спадара Трусава" і аднойчы "спадароў Трусавых"). У некаторых пытаннях ён з ім пагаджаўся, у некаторых — не.

Улаховіч выступае за незалежнасць Беларусі, за раўнапраўныя адносіны з Еўрасаюзам і Расіяй. Ён згодны на крокі "да большага збліжэння з ЕС, толькі не на шкоду адносінаў з Расіяй". Кандыдат хацеў бы больш цеснага супрацоўніцтва з РФ у рамках АДКБ.

Мікалай Улаховіч — за адраджэнне акцябрацкіх арганізацый (толькі пад іншай назвай), "каб дзеці не выпадалі з актыўнага жыцця". Ён выступае за адраджэнне беларускай культуры і беларускай мовы, але лічыць злачынствам спробы адрываць нашу культуру ад рускай. Асновай дзяржавы мусіць быць беларуская нацыя, лічыць Улаховіч. Нічога кепскага ён не бачыць у тым, што людзі пацягнуліся да рэлігіі, калі толькі гэта "не звязана з баптызмам і тэрарызмам".  

Ён супраць пратэкцыі ў кадравай палітыцы. Аднак лічыць, што з гэтым цяжка змагацца, паколькі "у нас кожны чацвёрты як мінімум далёкі сваяк". Выхад адзін, кажа кандыдат, калі чалавек здольны працаваць на пэўнай пасадзе, няхай працуе.

Улаховіч раскрытыкаваў тых міністраў, якія "пастаянна ў полі". Лукашэнка сказаў, што яны засядзеліся ў кабінетах, а тыя зразумелі гэта літаральна. А гэта няправільна, трэба быць на месцы і эфектыўна кіраваць сваімі падначаленымі, лічыць ён. "Разумнага і добрага кіраўніка трэба гадаваць як мінімум 20 гадоў, а Ламаносавы нараджаюцца 1 раз у 100 гадоў", — сказаў Мікалай Улаховіч.

Кандыдат — за пераход да змяшанай выбарчай сістэмы, але не супраць, каб прэзідэнт займаў гэтую пасаду больш за два тэрміны. Улаховіч за выбарнасць мэраў, за выбарнасць міліцэйскіх начальнікаў на месцах. Але ён супраць электроннага ураду, не разумее яго.

Мікалай Улаховіч лічыць, што СМІ ў нашай краіне не трэба больш свабоды, бо яе "дастаткова". Кандыдат хацеў бы развіваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Ён за барацьбу з карупцыяй, за шырокую падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, за спрашчэнне падатковай сістэмы, скарачэнне колькасці падаткаў, за развіццё прыватнай ініцыятывы. "Гэта ўсё паспрыяе развіццю нашай краіны", — сказаў кандыдат.

Улаховіч лічыць, што з-за перадзелу рынку буйным бізнэсам быў нанесены ўдар па эканоміцы. Ён лічыць, што буйны бізнэс мае вялізны ўплыў на заканадаўчую і выканаўчую ўладу ў Беларусі.

Мікалай Улаховіч выступае за адмену падатку на дармаедства, а прапануе ўвесці медыцынскае страхаванне.

Ён за перагляд існуючай кантрактнай сістэмы: "трэба правы наёмнага работніка ў кантрактах узмацніць". Улаховіч хоча "змагацца за здаровы лад жыцця". "Наша моладзь не павінна быць наркаманамі і алкаголікамі, а павінна працаваць, а не бадзяцца на вуліцах гарадоў".

Мікалай Улаховіч лічыць, што ў Беларусі праблема — "лёгкасць атрымання вышэйшай адукацыі". У выніку, у гарадах столькі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, колькі не патрэбна, а ў вёсках іх не хапае. "Рабацягамі" ж моладзь не хоча працаваць. Вось і не хапае ў краіне кваліфікаваных рабочых, робіць выснову кандыдат.

Кандыдат лічыць, што трэба прыбраць чаргу на будаўніцтва жылля. Кошт квадратнага метра на сённяшні дзень можа быць зменшана ў 3 разы. "Кажу з усёй адказнасцю!", — заявіў Улаховіч.  А вось кошт будаўніцтва элітнага жылля трэба павялічыць у разы.

Мікалай Улаховіч выступае за рэформу Жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён хацеў бы падтрымаць фермераў.

Трэба адзначыць, што выступленне Мікалая Улаховіча здымалі інакш, чым выступленні Сяргея Гайдукевіча і Таццяны Караткевіч. У адрозненне ад іх, Улаховіча здымалі адной камерай буйным планам і з добрым святлом.

Анкета кандыдата. Мікалай Улаховіч: Мяне ўсе называлі Дзмітрычам

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі