Мікалай Януш спрабаваў уладкавацца ў "Шахцёр", яму адмовілі
Вядомы беларускі футбаліст Мікалай Януш, які сёлета скончыў кар'еру гульца ў 36 гадоў, спрабаваў уладкавацца ў салігорскі "Шахцёр" на трэнерскую працу, яму адмовілі. Пра гэта ён напісаў у Telegram. Януш выступаў за гэтую каманду каля васьмі гадоў, але апошнім клубам была "Іслач".
У нядаўнім інтэрв'ю "Трыбуне" форвард (ён забіў за кар'еру больш за сто галоў), які атрымаў адукацыю футбольнага трэнера, прызнаўся, што на працу ў якую-небудзь каманду яго не клікалі. "Хаця, калі шчыра, хацелася б паспрабаваць", — казаў ён.
І Януш раптам падумаў, а ці не нагадаць яму пра сябе. "Прааналізаваўшы ўсё гэта, я падумаў, а ці не вярнуцца мне ў футбол, каб перадаваць свой вопыт і веды маладым гульцам, — піша ён. — Выйшаў на кіраўніцтва "Шахцёра", паколькі жыву ў Салігорску, і прапанаваў ім свае паслугі, але на жаль атрымаў адмову".
Паводле слоў Мікалая Януша, магчыма, да гэтага пытання вернуцца пазней, а пакуль яго ўзяць у клуб не могуць. Ён думае над тым, каб стаць блогерам. Януш, дарэчы, адным з першых беларускіх футбалістаў пачаў спрабаваць гаварыць па-беларуску, цікавіцца айчыннай гісторыяй. Ён выказваўся супраць інтэграцыі з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.