Міліцыя правярае раздачу савецкіх сцяжкоў у Віцебску
Такую інфармацыю ад кіраўніцтва абласной міліцыі атрымаў праваабаронца Павел Левінаў.
Прадстаўнік Беларускага хельсінскага камітэта ў Віцебску Павел Левінаў атрымаў адказ з абласной міліцыі наконт вулічных раздатчыкаў савецкіх сцяжкоў.
“Там сказана, што для правядзення праверкі мая заява перасланая ў раённую міліцыю па месцы, дзе адбылося здарэнне. Я прасіў кіраўніка абласной міліцыі ўзяць на кантроль дадзеную сітуацыю. Але, зыходзячы з адказу, зразумеў, што на кантроль нічога не ўзята”, — паведамляе Левінаў у каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што на пачатку красавіка па інтэрнэце разышлася інфармацыя аб раздатчыках савецкіх сцяжкоў у Віцебску. У прыватнасці, сам Левінаў сфатаграфаў такіх актывістаў на вуліцы Церашковай. Таксама папулярнасцю ў інтэрнэтчыкаў карысталася гісторыя пра аўтамабіліста, які выбіў зубы аднаму з “глуханямых” раздатчыкаў, які прапанаваў яму савецкі і расійскі сцяжкі. Пасля гэтага "глуханямы", нібыта, загаварыў.
Левінаў праводзіць аналогію з украінскімі падзеямі. У Крыме, на Данбасе і ў цэнтральнай частцы Украіны да вайны таксама актыўна раздавалі савецкія і расійскія сцяжкі. Такія ж дзеянні ў Беларусі, як лічыць праваабаронца, нясуць патэнцыйную небяспеку.
“Камусьці гэта патрэбна мэтанакіравана. Гэта ж не адзін дурань бегае па Беларусі і нешта раздае. Гэта планамерная акцыя. Праміргаўшы такое і яшчэ пэўныя моманты, мы ў перспектыве можам праміргаць суверэнітэт”, — выказвае меркаванне Левінаў.