Міліцыянера, які падтрымаў абаронцаў Курапатаў, звольнілі, ён за кратамі
Міліцыянера, які нядаўна падтрымаў абаронцаў Курапатаў, звольнілі. Міхаіл Грамыка цяпер адбывае адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе раней працаваў. Пра гэта паведамляе "Новы час".
У Курапатах Грамыка пабываў 30 чэрвеня. Ён паўдзельнічаў у акцыі пратэсту супраць адкрыцця каля народнага мемарыялу рэстарана і не хаваў, што працуе на Акрэсціна. Паводле слоў Міхаіла Грамыкі, на яго зрабілі вялікае ўражанне апазіцыянеры, якія адбывалі арышт. Ён прызнаўся, што стаміўся быць наглядчыкам.
Мяркуецца, што Грамыка быў звольнены ў першы ж працоўны дзень пасля ўдзелу ў курапацкай вахце. На волю ён мусіць выйсці 15 ліпеня. За два дні да гэтага адбудзе адміністрацыйны арышт абаронца Курапатаў Максім Вінярскі, 14 ліпеня вызваляць Аляксея Туровіча.