Міліцыянты забралі ў журналіста Буракова чатыры камп'ютары
Ператрусы прайшлі як у кватэры самога магілёўскага журналіста, так і яго бацькоў.
Як паведамляла Еўрарадыё, зранку 16 верасня дадому да Алеся Буракова прыйшлі сем чалавек — пяць міліцыянтаў і два панятыя. Па словах журналіста, ператрус доўжыўся гадзіну. Міліцыянты канфіскавалі два ноўтбукі, якія былі ў кватэры. Адначасова яны правялі ператрус у бацькоў журналіста і там таксама забралі два камп'ютары.
Нагодай для ператрусу, санкцыяванага пракуратурай, сталі некалькі нататак Буракова, апублікаваныя на сайце радыёстанцыі Deutsche Welle. Магілёўца вінавацяць у працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У каментары Еўрарадыё ён патлумачыў, чаму не бачыць парушэння закону:
Буракоў: "Я працую як фрылансер. І калі я не знаходжуся ў штаце замежнага СМІ, то я і не мушу браць акрэдытацыю, бо яна датычыць людзей, якія супрацоўнічаюць стала з тым ці іншым СМІ. Таму я не бачу тут адміністрацыйнага правапарушэння".
Дарэчы, зараз у Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіцца прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч. Яна выказалася за адмену абавязковай акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ. Буракоў распавёў Еўрарадыё, што згадаў пра заявы Міятавіч маёру Пугачову, які кіраваў ператрусам. Аднак той на заўвагу адгукнуўся няўцямна, кажа журналіст.
Дарэчы, ператрус у Буракова — не першая яго праблема за апошні час. Пару тыдняў таму яго выклікалі ў пракуратуру для гутаркі наконт з'яўлення матэрыялаў на тэлеканале "Белсат".
Буракоў: "За месяц да выкліку па справе "Белсата" мне настойліва прапанавалі запоўніць дэкларацыю ў падатковай інспекцыі. Таму для мяне ўсё гэта доўжыцца ўжо трэці месяц. То падатковая, то міліцыя, то цяпер вось гэты ператрус..."